Вы тут

Зяленскі даў два тыдні, каб высветліць, хто праслухоўваў Ганчарука

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі / Reuters

Цягам двух тыдняў украінскія праваахоўнікі павіныя высветліць, хто праслухоўваў прэм'ер-міністра Аляксея Ганчарука. Такую задачу паставіў ім прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, перадае hromadske.
 
Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі Службы бяспекі, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў, Нацыянальнага бюро па барацьбе з карупцыяй, Дзяржаўнага бюро расследаванняў і Упраўлення дзяржаўнай бяспекі.

"Я патрабую, каб праз два тыдні, як мага хутчэй мы з вамі атрымалі інфармацыю — хто вёў запісы... Даведайцеся, хто гэта рабіў, і з гэтым разабрацца", — запатрабаваў Зяленскі.

Ён запатрабаваў, каб у рамках крымінальнага расследавання высветлілі кола асобаў, прысутных на перамовах, і ўдакладнілі абставіны, пры якіх адбываліся гэтыя сустрэчы. Зяленскі здакладніў, што, па словах Ганчарука, такіх перамоў было некалькі, а сустрэча, з якой быў зроблены першы ўрывак, цягнулася пяць гадзін.

Зяленскі запатрабаваў, каб праваахоўныя органы прадухілілі такія інцыдэнты ў будучыні і тэхнічна абаранілі інфармацыю. "Несанкцыянаванае праслухоўванне тэлефонаў і запіс размоў не павінны адбывацца ў памяшканнях дзяржаўных органаў усіх узроўняў, бо гэта пытанне нацыянальнай бяспекі", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Як паведамлялася раней, 17 студзеня прэм'ер-міністр Аляксей Ганчарук падаў у адстаўку. Гэта адбылося пасля скандалу: у інтэрнэт трапілі яго размовы з кіраўніцтвам урада і Нацбанка. На гэтай сустрэчы Ганчарук назваў сябе прафанам у эканоміцы і пытаўся, як падмануць кіраўніка дзяржавы наконт стану ўкраінскай эканомікі. Пра самога Зяленскага ён заявіў, што ў таго ў галаве туман і пустое месца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.