Зяленскі даручыў Кабміну вывучыць пытанне адмены бязвізавага рэжыму з Беларуссю

Уладзімір Зяленскі / @V_Zelenskiy_official
Уладзімір Зяленскі / @V_Zelenskiy_official

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў ураду вывучыць пытанне адмены бязвізавага рэжыму з Беларуссю. Пра гэта гаворыцца ў адказе на зварот грамадзян.  

Петыцыя з прапановай адмяніць бязвізавы рэжым з Беларуссю была апублікаваная яшчэ ў ліпені. Прапанова набрала 25 тысяч подпісаў. У адказе Зяленскі расказаў, што трымае на кантролі меры, накіраваныя на ўзмацненне жорсткасці кантролю за перасячэннем мяжы грамадзянамі Беларусі. Ён нагадаў, што ўкраінска-беларуская мяжа закрытая на ўезд для беларусаў і іншых замежнікаў з канца лютага.

"Усе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю закрытыя, акрамя аднаго на Валыні, які працуе ў абмежаваным рэжыме, дзе ажыццяўляецца афармленне грамадзян Украіны, якія вяртаюцца на тэрыторыю нашай краіны", — заявіў украінскі прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў, што прапанаваў Кабінету міністраў Украіны "разгледзець узнятыя ў электроннай петыцыі пытанні ў адпаведнасці з кампетэнцыяй, а таксама працягнуць адпаведную працу з улікам развіцця сітуацыі, рэалізацыі мер па абароне нацыянальных інтарэсаў нашай дзяржавы і яе грамадзян".

Нагадаем, раней Украіна адмяніла бязвізавы рэжым з Расіяй. У Маскве не сталі ўводзіць меры ў адказ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі