Аляксей Данілаў: "Краіна Беларусь акупаваная Расійскай Федэрацыяй"

На сёння Беларусь цалкам знаходзіцца пад уплывам расійскіх вайскоўцаў. Лічыць яе незалежнай дзяржавай нельга. Пра гэта сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў заявіў у інтэрв'ю lb.ua.

"Краіна Беларусь акупаваная Расійскай Федэрацыяй. Улады Беларусі амаль не існуе, гэта даказаны факт. Калі на вашай тэрыторыі дзейнічаюць тэрарысты, якія адпраўляюць ракеты з вашай тэрыторыі, якія адпраўляюць самалёты бамбіць мірнае насельніцтва, то вы павінны заняць нейкую пазіцыю. Калі ў вас няма пазіцыі няма, то вы павінны прызнаць, што вы акупаваныя Расійскай Федэрацыяй. Беларусь на сённяшні дзень цалкам пад уплывам расійскіх вайскоўцаў", — заявіў Данілаў.

Дарэчы, раней пра акупаваную тэрыторыю Бларусі казаў дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк. Ён параўноўваў акупаваную Беларусь з акупаваным Крымам.

Таксама Данілаў паўтарыў ранейшыя заявы: украінская разведка на сёння не мае даных, што беларускія войскі пачнуць наступ на Украіну.

"Я магу сказаць, што мы прымаем пэўныя меры, у нас была праверка абласцей па даручэнні прэзідэнта нашай краіны, якія мяжуюць з Беларуссю, наколькі мы гатовыя будзем сустракаць (беларускія войскі), калі будзе адкрыты наступ з боку Беларусі. Пакуль што наша разведка лічыць, што гэтага не будзе", — падкрэсліў кіраўнік РНБА.

Журналісты пацікавіліся ў Данілава, чаму ў Беларусі няма такога руху супраціву, як на акупаваных украінскіх тэрыторыях, дзе забіваюць калабарантаў і падрываюць вайсковыя склады. На гэта ён нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка будаваў дзяржаву па сваіх уяўляеннях з 1994 года.

"Мне складана сказаць, чаму ў беларускага грамадства няма жадання змагацца за свабоду. Магу сказаць, што мы сапраўды іншыя. Усе спробы, якія былі дагэтуль, забраць нашу свабоду, нашу незалежнасць, нашу волю да самастойнасці заўсёды заканчваліся паразай. Чаму такое адбываецца ў Беларусі, мне складана сказаць, бо я не беларус і ў Беларусі ніколі не жыў", — адказаў Данілаў.

Дарэчы, паводле звестак праваабаронцаў, у Беларусі за антываенныя пратэсты былі затрыманыя больш за 1000 чалавек, пачатыя 32 крымінальныя справы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.