“Звязда”: Абвяшчэнне дыпламатаў ЗША персонамі нон грата — рабочы момант

Другая хваля беларуска-амерыканскага канфлікту не ўнесла нічога прынцыпова новага ў пазіцыі двух бакоў. Ранейшых меркаванняў у дачыненні канфлікту прытрымліваецца і беларуская прэса. Абвяшчэнне адразу дзесяці дыпламатаў ЗША персонамі нон грата незалежныя СМІ называюць скандальным, а іх калегі з дзяржаўных газет лічаць гэта “звычайным рабочым момантам”.
У беларуска-амерыканскім канфлікце, які разгарэўся з новай сілай, кожны з бакоў не адступае ад сваёй пазіцыі. ЗША патрабуе ад беларускіх уладаў вызваліць апошняга “палітычнага” Аляксандра Казуліна. А Беларусь у сваю чаргу не пагаджаецца ісці насустрач, пакуль амерыканскі бок не адменіць усе эканамічныя санкцыі супраць нашай краіны.

Санкцыі адмяняць ЗША не пагаджаецца. І 30 красавіка беларускі МУС аб’яўляе 10 амерыканскіх дыпламатаў персонамі нон грата.

“Да гэтай выключнай у дыпламатычнай практыцы меры, якая ўжываецца, як правіла, толькі ў адносінах да людзей, замешаных у шпіянажы, справа дайшла з-за таго, што ЗША адмовіліся дабраахвотна выканаць рэкамендацыю беларускага знешнепалітычнага ведамства і скараціць штат амбасады да пяці чалавек”, - піша “Белгазета”.

Пра выключную меру кажа і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур. Яго словы цытуе “Белгазета”:

“Мур назваў гэты крок “беспрэцындэнтным выпадкам у гісторыі дыпламатычных адносінаў”. Але, падкрэсліў ён на прэс-канферэнцыі, “для ЗША нашмат больш важным пытаннем з’яўляецца наяўнасць і колькасць палітычных зняволеных у Беларусі, чым колькасць амерыканскіх дыпламатаў у краіне”

Газета “Звязда” абвінавачвае сваіх незалежных калегаў у тым, што яны надаюць занадта радыкальную афарбоўку таму, што адбываецца. Па меркаванні “Звязды”, высылка з Беларусі адразу 10 амерыканскіх дыпламатаў і абвяшчэнне іх персонамі нон грата – “звычайны рабочы момант”:

“Дж. Муру была ўручана нота МЗС i перададзены спiс амерыканскiх дыпламатаў, якiя былi аб’яўлены персонамi nоn grаtа i павiнны пакiнуць тэрыторыю Беларусi. Гэтаму рабочаму моманту дыпламатычных адносiнаў асобныя СМІ надалi сенсацыйна-скандальную афарбоўку. Напрыклад, 1 мая адзiн расiйскi тэлеканал са спасылкай на нейкую крынiцу паведамiў, што закрываецца амерыканскае пасольства ў Мiнску, а ў Вашынгтоне — беларускае, а ў Нью-Йорку закрыецца консульства Беларусi”.

Інфармацыя пра закрыццё пасольстваў насамрэч не паццвердзілася. Але як заявіў прадстаўнік Дзрждэпартамента Том Кейсі такі крок цалкам магчымы. Відавочна што менавіта гэтага і дабіваецца беларускі бок, каб канчаткова закрыць пытанне пра вызваленне палітычных вязняў. Такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю ”Радыё Свабода” былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Карэн Акопаў:

“Галоўная палітычная мэта, якую ставяць беларускія ўлады, — гэта закрыць пытанне пра палітычных вязняў. І дзеля гэтага Лукашэнка гатовы ісці на беспрэцэдэнтныя крокі ў дыпламатычных дачыненнях паміж дзяржавамі”.

Карэн Акопаў выказвае меркаванне, што разрыў дыпламатычных дачыненняў, найперш пойдзе не на карысць беларускага боку: “ЗША гэта вытрымаюць, у іх было шмат такіх выпадкаў”.

У тым самым інтэрв’ю ”Радыё Свабода” выказаўся і дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, зарэгістраванага ў Літве, Віталь Сіліцкі:

“Сітуацыя будзе замарожаная да той пары, пакуль ня будзе вызвалены Казулін. Ці пакуль ня зьявяцца нейкія новыя абставіны”.

Але Лукашэнка недвухсэнсоўна выказаўся наконт вызвалення апошняга “палітычнага” Казуліна падчас апошняга паслання беларускаму народу:

“Мы прынялі рашэнне, што тэму закрылі. Пяцера на волі – шосты адмовіўся. Якія яшчэ да нас прэтэнзіі?”

Тым не менш у ЗША яшчэ засталіся “козыры” у дачыненні Беларусі – яны могуць і надалей пашыраць эканамічныя санкцыі, што і збіраюцца рабіць. А вось Беларусі, нажаль, высылась з краіны больш няма каго. Амерыканскіх дыпламатаў тут і так амаль не засталося.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі