Вы тут

Звольненых гродзенскіх актораў выклікалі ў міліцыю за навагодняе віншаванне

Гродзенскі драматычны тэатр / СТБ

У Гродне звольненых актораў драматычнага тэатра выклікалі ў міліцыю. Падставай стала віншаванне, якое яны запісалі напярэдадні Новага года. 

Як піша Блог Гродна s13.ru, з акторамі правялі прафілактычную гутарку і папярэдзілі пра адказнасць за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі.

У позвах было пазначана, што актораў выклікаюць, бо супраць іх вядзецца адміністрацыйны працэс па вядомым артыкуле 23.34 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства).

"Участковы міліцыянт прапанаваў нам напісаць тлумачальную, чаму мы запісалі такое віншаванне. Напэўна, збянтэжыла іх, што ў канцы віншавання мы сказалі "Жыве Беларусь!". А таксама сказалі, маўляў, "добра, што сцяг не дасталі, а то быў бы штраф як за пікетаванне", — расказвае адзін з актораў.

Напярэдадні Новага года звольненыя артысты гродзенскага драмтэатра запісалі відэавіншаванне беларусам. Яны прачыталі верш Якуба Коласа "На Новы год" і завяршылі свой выступ словамі: "Жыве вольны тэатр і жыве мастацтва! Жыве Беларусь!".

Можна сказаць, што гродзенцам пашанцавала. Супрацоўнікаў грамадзянскай авіяцыі за відэаролік асудзілі на суткі, прызнаўшы гэта "пікетаваннем з выкарыстаннем камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.