ЗША ўключылі ў санкцыйныя спісы яшчэ 81 расійскую кампанію

Улады ЗША пашырылі спіс кампаній і арганізацый, якія падпадаюць пад санкцыі з-за канфлікту ва Украіне. Паведамленне пра пашырэнне “чорнага спісу” апублікаванае на сайце ўрадавага выдання Federal Register, рашэнне павінна набыць моц 7 верасня.

Санкцыйны спіс пашыраецца на 81 пункт. У яго трапілі болей за 50 кампаній, падкантрольных “Газпраму”, паведамляюць замежныя СМІ. Пад санкцыямі апынуліся таксама кампаніі, якія займаюцца будаўніцтвам Керчанскана моста — ён павінен звязаць Крым з мацерыковай часткай Расіі.

На ўсе кампаніі будуць накладзеныя гандлёвыя абмежаванні. Усе запыты на ліцэнзію для гандлю з імі будуць разглядацца з прэзумцыяй адмовы.

Змены, унесеныя міністэрствам гандлю, шмат у чым дублююць рашэнне мінфіна ЗША, апублікаванае 1 верасня. Але ж у спіс трапілі і 11 кампаній-вытворцаў электронікі, якая можа быць выкарыстаная для ваеннай прамысловасці. Яны ўпершыню трапілі пад санкцыі ЗША.