ЗША могуць пачаць пастаўкі ўзбраення Украіне

ЗША могуць дапамагчы Украіне з узбраеннем. Па інфармацыі The New York Times, дзяржсакратар Джон Керы і старшыня аб’яднанага камітэта кіраўнікоў штабаў ЗША Марцін Дэмпсі гатовыя абмяркоўваць гэтае пытанне. Цяпер перадачу лятальных відаў ўзбраенняў падтрымлівае і камандуючы сіламі NATO ў Еўропе генерал Філіп Брыдлаў.

У панядзелак мусіць быць апублікаваны незалежны даклад, падрыхтаваны васьмі высокапастаўленымі амерыканскімі чыноўнікамі, у якім яны заклічуць Вашынгтон адаслаць ва Украіну ўзбраення на 3 мільярды долараў, у тым ліку супрацьтанкавыя ракеты і беспілотныя самалёты-разведчыкі.

Нагадаем, што 3 лютага дзяржсакратар Керы наведае Кіеў для правядзення перамоваў з Пятром Парашэнкам і іншымі палітыкамі. На мінулым тыдні Абама выказаў занепакоенасць у сувязі з эскалацыяй канфлікту на ўсходзе Украіны між прарасійскімі сіламі і ўрадавымі войскамі і дадаў, што Вашынгтон вывучае ўсе варыянты аказання ціску на Расію за выключэннем ваеннага супрацьстаяння.

Варта адзначыць, што Вашынгтон да сённяшняга дня абмяжоўваў ваенную дапамогу Украіне пастаўкамі несмяротнага ваеннага рыштунку, у тым ліку бронекамізэлек, прыбораў начнога бачання, аптэчак і інжынернага абсталявання. У адміністрацыі ЗША асцерагаліся, што прадастаўленне украінскім ваенным звычайных відаў узбраенняў можа “падштурхнуць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна павысіць стаўкі”, — адзначае The New York Times.

Аднак слабае ўздзеянне эканамічных санкцый, якія так і не змаглі прымусіць Расію адмовіцца ад забеспячэння тэрарыстаў цяжкімі ўзбраеннямі і ваеннымі спецыялістамі, зноў зрабілі пытанне пра пастаўкі Кіеву звычайных відаў узбраення тэмай для дыскусіі.

“Хоць у цэнтры нашай ўвагі застаецца вырашэнне крызісу дыпламатычнымі сродкамі, мы заўсёды ацэньваем і іншыя варыянты, якія дапамогуць стварыць прастору для перамоўнага працэсу”, — сказала газеце прэс-сакратар Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Бернадэт Міхан.

У розныя перыяды данбаскага канфлікту, на пастаўкі ваеннага рыштунку Украіне згаджаліся акрамя ЗША Францыя, Італія, Польшча, Нарвегія, Канада і Літва. Але ці даходзіла справа да рэальных паставак сказаць складана.

Разам з тым, у мінулую суботу пастаянны прадстаўнік Расіі пры ЕС Уладзімір Чыжоў у інтэрв’ю тэлеканалу Bloomberg, адказваючы на пытанне, як бы ён адрэагаваў на магчымасць паставак зброі Украіне, заявіў, што такі крок парушыў бы кодэкс паводзін краінаў Еўрасаюза.

“Гэта было б чыстым парушэннем міжнароднага заканадаўства, уключаючы хартыю ААН, дакументы АБСЕ і, больш за тое, уласных рашэнняў ЕС, кодэкса паводзінаў”, — прводзіць словы Чыжова “РИА новости”.

Нагадаем, што ў нядзелю кіеўскія ўлады паведамілі пра гібель трынаццаці ўкраінскіх ваенных і прынамсі дзесяці мірных жыхароў акурат на наступны дзень пасля кансультацыяў у Мінску, якія не далі спадзеву на мірнае вырашэнне збройнага канфлікту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі