У бліжэйшы час ЗША могуць адмяніць санкцыі ў адносінах некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Такое меркаванне выказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.
"У сувязі з вызваленнем палітзняволеных мы пачалі працэс змякчэння
санкцый, - сказаў дыпламат. - У дадзены момант я не прадбачу ніякіх
планаў па ўвядзенні новых абмежаванняў. Наадварот, у Вашынгтоне ўвесь
час вядзецца дыскусія пра далейшае прыпыненне санкцый пасля вызвалення
палітзняволеных у жніўні".
Разам з тым, адзначыў спадар Мур, адмена санкцый патрабуе часу "з
прычыны пэўных бюракратычных працэдураў". "Пакуль санкцыі ўсё яшчэ
дзейнічаюць, і мы робім крокі, каб дамагчыся нейкага прагрэсу ў гэтых
адносінах", - сказаў ён.
Паводле словаў часовага паверанага, гаворка ідзе не толькі аб
эканамічных санкцыях, але і аб візавых абмежаваннях для некаторых
беларускіх чыноўнікаў. "У нас два віды візавых абмежаванняў - санкцыі ў
адносінах канкрэтных людзей і санкцыі ў адносінах пэўных катэгорый.
Пакуль не было канчатковага выніку па рашэнні пытання з гэтымі
санкцыямі, але дадзенае пытанне абмяркоўваецца ў Дзярждэпартаменце".
БелаПАН