ЗША і Еўрасаюз здымаюць санкцыі з Ірана

ЗША і Еўрасаюз здымаюць санкцыі з Ірана

ЗША і Еўрасаюз здымаюць санкцыі ў дачыненні Ірана. Гэта стала магчымым пасля таго, як Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) абвясціла аб выкананні Тэгеранам усіх умоваў, якія тычацца дэмантажу ядзернай праграмы.

Дзяржсакратар Джон Кэры заявіў, што гаворка ідзе толькі пра тыя санкцыі, якія матываваліся імкненнем ЗША зацугляць іранскую ядзерную праграму. Ён выказаў упэўненасць, што пагроза стварэння ядзернай зброі Іранам значна знізілася. Па словах Кэры, зняцце санкцыяў адкрые новыя далягляды і магчымасці для іранцаў.

Абмежаванні ЕС будуць знятыя адразу пасля апублікавання гэтага рашэння ў афіцыйным часопісе Еўрасаюза. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Федэрыка Магерыні паведаміла, што будуць знятыя санкцыі, уведзеныя як ЕС, так і асобнымі ўрадамі краін-чальцоў Еўрасаюза.

Прэзідэнт Ірана Хасан Рухані павіншаваў сваіх суайчыннікаў з адменай санкцыяй. Міністр замежных справаў Ірану Махамед Джавад Зарыф падкрэсліў, што падчас выканання сумеснага плана дзеянняў, узгодненага на перамовах паўгода таму з “шасцёркай” міжнародны пасярэднікаў, усе бакі імкнуліся выканаць узятыя на сябе абавязанні, перадае ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі