Вы тут

Зноў вырасла колькасць спробаў парушыць беларуска-польскую мяжу

У кастрычніку польскія памежнікі спынілі больш за 11 тысяч спробаў незаконнага пранікнення ў краіну з тэрыторыі Беларусі / twitter.com/Straz_Graniczna​

Зноў вырасла колькасць спробаў парушыць беларуска-польскую мяжу, паведамляе Памежная служба Польшчы. У сераду было зафіксавана каля 600 такіх спробаў. У аўторак іх было крыху больш за 400. Раней памежнікі фіксавалі і па 500, і па 600, і нават больш за 700 спробаў парушыць мяжу за дзень.

Учора былі арыштаваныя 19 нелегальных мігрантаў: 16 грамадзян Ірака, а таксама некалькі выхадцаў з Індыі і Сірыі. Астатнія спробы былі спыненыя.

У памежнай службе нагадалі, што з пачатку кастрычніка спынілі больш за 11 тысяч спробаў незаконнага пранікнення ў краіну з тэрыторыі Беларусі, а з пачатку года — 22,9 тысячы.

Напярэдадні на польска-беларускай мяжы адбыліся два надзвычайныя здарэнні. Жанчына з Ірака пасля незаконнага пераходу мяжы нарадзіла ў Польшчы дзіця. Польскія памежнікі знайшлі яе ў лесе. Скрываўленая жанчына ляжала ў спальным мяшку. Памежнікі выклікалі медыкаў, і жанчыну забралі ў бальніцу.

Акрамя таго, напярэдадні на мяжы загінуў 19-гадовы мігрант з Сірыі. Яго цела ратавальнікі дасталі з ракі Буг, якая ў гэтым месцы ўяўляе сабой прыродную мяжу паміж Польшчай і Беларуссю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.