Вы тут

Зноў "Навічок": у Балгарыі траіх расіян абвінавачваюць у замаху на збройніка

Эміліян Гебраў / btvnovinite.bg

У Балгарыі траіх расіян абвінавачваюць у замаху на збройніка Эміліяна Гебрава, яго сына і калегу. У 2015-м у Сафіі іх спрабавалі атруціць невядомым рэчывам. Злачынства раскрыць не ўдавалася. Калі ў 2018 годзе выбухнуў скандал з атручваннем у брытанскім Солсберы Скрыпалёў нервова-паралітычным рэчывам класу "Навічок", Гебраў папрасіў праваахоўнікаў аднавіць расследаванне яго справы. І з кастрычніка 2018-га яно адноўлена, інфармуе "Бі-Бі-Сі".

Эміліяна Гебрава шпіталізавалі 28 красавіка 2015-га з сімптомамі цяжкага атручвання. Яму ўдалося выжыць. З неафіцыйных крыніц вядома, што фінскія эксперты прыйшлі да высновы пра спробу забойства балгарскага бізнесмена згаданым "Навічком". Летась The New York Times у адной са сваіх публікацыяз звязала справы Гебрава і Скрыпалёў. Сцвярджалася, што за замахам можа стаяць адно і тое ж падраздзяленне вайсковай выведкі Расіі.

Балгарская пракуратура не называе прозвішчы меркаваных супрацоўнікаў расійскіх спецслужбаў, якім завочна выстаўленыя абвінавачанні і якіх аб'явілі ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. З неафіцыйных крыніц вядома, што акцыю ў Балгарыі выканалі 8 афіцэраў. Адзін з іх, Дзяніс Сяргееў, падарожнічаў па Еўропе пад псеўданімам "Сяргей Фядотаў". Пасля атручвання Эміліяна Гебрава ён выехаў з Балгарыі ў Расію праз Турцыю. Мяркуецца, што ён мае дачыненне і да "справы Скрыпалёў".

Гебраў мяркуе, што расіяне хацелі яго прыбраць з двух прычын: яго кампанія пастаўляла зброю ва Украіну, расійскі бок прэтэндаваў на збройны завод, які ён кантраляваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.