ZNICH: Такіх фэстаў, як BE FREE, трэба больш!

Фестываль Be Free адбыўся нягледзячы на дажджы і залевы. Гэта не перашкаджала публіцы, большасць якой складалі беларусы. Яна прыехала цягнікамі, аўтобусамі, на прыватных аўто і спынам. Спярша людзі больш вандравалі па горадзе ці адпачывалі ў намётавым мястэчку, але бліжэй да вечара яны сцягваліся да фестывальных сцэнаў, бо там гралі сапраўдныя монстры беларускага року. Украінскія, польскія гурты ды фіналісты Еўрарадыё выступілі вельмі файна і запамінальна.
Але калі на сцэне з'явіліся сапраўдныя монстры беларускага року — ZNICH, POMIDOR/OFF, ZYGIMONT VAZA, публікі паболела разоў у пяць і пачаўся слэм і адрыў.
Пасля выступу мы перахапілі лідэра Алеся Таболіча, які падзяліўся першымі ўражаннямі ад Be Free і параўнаў львоўскі фэст з мінулагоднім луцкім «Права быць свабодным».

ЕРБ: Наколькі задаволены гурт ZNICH сваім выступам на Be Free?

Таболіч: Гурт ZNICH падняў публіку. Да нас быў рок-н-рол, а мы зрабілі хэві метал!
Людзей, канешне, не так шмат, таму што не багата было рэкламы, у тым жа Луцку сабралася цэлая плошча...

ЕРБ: Як табе астатнія ўдзельнікі фестывалю, гурты з іншых краінаў?

Таболіч: Абсалютна нармальныя. Цвярозыя. Добрыя гурты. Мне такая музыка не вельмі цікавая, бо ў мяне свае інтарэсы. Але я б адзначыў наш BN. Гэта таксама не маё, але яны мне спадабаліся, бо была файная энергетыка.

ЕРБ: А якія ў цябе эмоцыі ад Львова? Паспеў што-небудзь паглядзець?

Таболіч: Львоў — файны горад. Вельмі гістарычны! Калі мы заехалі ў гатэль і выйшлі на балкон, мы былі ўражаныя тым, наколькі тут усё ў гістарычных помніках.

ЕРБ: Вы былі і ў Луцку, і ў Львове. Можаш параўнаць?

Таболіч: Арганізацыя клёвая і там і тут. Але, я думаю, Львоў больш важны горад і трэба было больш зрабіць, каб ягоныя жыхары таксама зацікавіліся тым, што адбываецца на Be Free, каб не толькі беларусы былі. Хаця я ўжо бачу, што людзі падыходзяць. У нас бралі аўтографы ўжо, фатаграфаваліся.

ЕРБ: Дык як думаеш, варта рабіць такія фэсты?


Таболіч: Канешне. Варта, бо не толькі беларусы цікавяцца музыкай. Сюды прыходзяць і ўкраінцы і глядзяць: а што гэта такое — беларуская музыка? Яны бачаць якасныя гурты, добрых людзей. Таму варта рабіць фэсты, і чым больш — тым лепш. Бо самае важнае, гэта тая культура, якую мы прапагандуем.

ЕРБ: Be Free – якасны прадукт?

Таболіч: Так, вельмі якасны. І мне тут вельмі падабаецца. Музыку пайграць і паслухаць, піва папіць і з людзьмі патусавацца.

Пад ZNICH народ насамрэч пачаў адрывацца. Але ў першы дзень усіх больш за ўсё ўразіў гурт Vladivostok з Францыі, які паказаў проста выключнае шоў. Ягоныя ўдзельнікі распрануліся, спяваючы пра пуза, круцілі кола, скакалі. Спецыяльна падрыхтавалі песню з рэфрэнам «Жыве Беларусь». Але, шчыра кажучы, у той жа дзень не горш адыгралі і хэдлайнеры Zet, i ўкраінскія Haydamaky, якія запалілі нават нягледзячы на моцную залеву, якой у Львове не было больш за пяць гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі