Вы тут

Зміцер Дашкевіч — пра Акрэсціна: "Там проста катуюць людзей"

Наста і Зміцер Дашкевічы / facebook.com/nasta.dashkevich

У панядзелак выйшаў на волю апазіцыянер, былы кіраўнік маладафронтаўцаў Зміцер Дашкевіч. За кратамі ён правёў 15 сутак, асуджаны за ўдзел у "несанкцыянаванай акцыі" ў Мінску. У інтэрв'ю "Нашай ніве" ён падзяліўся ўражаннямі ад чарговага знаходжання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Ён трапіў у "бетонную клетку... не ізалятар і карцар". "І ў ізалятары, і ў карцары на ноч павінны адкідвацца нары, ёсць заўсёды вада, — расказвае Дашкевіч. — А гэта была самая звычайная катоўня".

Апазіцыянер, які мае пяцігадовы турэмны тэрмін, прызнаўся, што "афігеў, калі гэта ўбачыў". "Пра гэта трэба крычаць", — кажа ён.

"Там проста катуюць людзей, — працягвае Зміцер Дашкевіч. — Мяне закінулі ў камеру да палкоўніка ДАІ Сяргея Маслоўскага, ён валяўся на гэтым бетоне 13 сутак". А ў суседняй камеры ўтрымлівалі капітана міліцыі Заводскага раёна сталіцы Дзмітрыя Кулакоўскага, які сышоў са службы ў жніўні 2020-га. "Яны прэсуюць былую міліцыю, іх не выпускаюць, дакідваюць новыя суткі... Ім не даюць ні зубной пасты, ні таблетак, ні перадач ад родных", — сведчыць Дашкевіч. Ён прабыў там трое сутак, пасля чаго яго адправілі ў ізалятар у Баранавічы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.