Змены ў закон “Аб СМІ” дэпутаты абмяркуюць 8 траўня

Змены ў закон “Аб СМІ” дэпутаты абмяркуюць 8 траўня

Паміж першым і другім чытаннямі ў новую рэдакцыю закона “Аб СМІ” будуць унесеныя “істотныя змены”. Пра гэта, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

“Змены будуць пасля таго, як прайшлі першыя чытанні. Яны ўнесеныя з улікам шмат якіх грамадскіх прапаноў і многіх прапаноў дзяржаўных інстытуцый. У тым ліку, дэпутатаў парламента. У бліжэйшы час вы будзеце ведаць пра гэтыя змены, гаворка ідзе літаральна пра некалькі дзён ― 8 траўня будзе шырокае абмеркаванне, з больш шырокім удзелам грамадскасці. Я лічу, што праўкі, што мяркуецца ўнесці, істотныя. Прынамсі, для нашага ведамства”, ― сказаў міністр.

19 красавіка Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла новую рэдакцыю закона “Аб СМІ”, які ўзмацняе рэгуляванне медыя ў інтэрнэце. Сярод ухваленых новаўвядзенняў — абавязковая ідэнтыфікацыя асоб, якія змяшчаюць свае матэрыялы на сайтах ці каментуюць публікацыі. Пры гэтым не былі ўлічаныя заўвагі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і дэпутатам Ганнай Канапацкай.

Змены ў закон “Аб СМІ” дэпутаты абмяркуюць 8 траўня
Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на выставе "СМІ ў Беларусі", фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі