Зменены варыянт справаздачы па АЭС з’явіцца ў снежні

А на канец лістапада запланаваны адкрыты семінар для грамадскасці на тэму першай айчыннай атамнай электрастанцыі
У снежні будзе апублікаваны канчатковы варыянт Справаздачы па ўплыве на навакольнае асяроддзе першай беларускай АЭС. А напярэдадні, напрыканцы лістапада, Орхускім камітэтам запланаваны адкрыты семінар для грамадскасці на тэму першай айчыннай атамнай электрастанцыі.

Як паведаміў Еўрарадыё галоўны інжынер праекту беларускай АЭС Анатоль Стралкоў, праца над заўвагамі да прэзентаванага яшчэ ў кастрычніку варыянту справаздачы працягнецца да снежня.

Анатоль Стралкоў: “На падставе заўвагаў усіх: зялёных, чырвоных, сініх — рыхтуецца дадатковая інфармацыя па пытаннях. Там будзе, напрыклад: не паказанае нешта — пакажам, недастаткова канкрэтна распісана — канкрэтна распісваем і г. д. У снежні выпусцім зменены том СУНА, ужо ў канчатковым выглядзе”.

Пытанняў да аўтараў першай айчыннай атамнай электрастанцыі назбіралася багата. Геаграфія таксама ўражвае: свае заўвагі да першага варыянту справаздачы па беларускай АЭС даслалі не толькі айчынныя эколагі, але і спецыялісты з Расіі, Літвы, Польшчы і нават Эстоніі.

Анатоль Стралкоў абяцае, што ўсе заўвагі будуць улічаныя. А каб даць на кожную з іх адказ, аўтары СУНА нават збіраюцца выдаць дадатак, які гэтак і будзе называцца — “Пытанні і адказы”.

Анатоль Стралкоў: “У нас жа будзе яшчэ том “Адказы на пытанні” — як дадатак да СУНА. Будуць адказы на ўсе заўвагі, якія хто-колечы даў: індывідуальна, калектыўна ці неяк яшчэ. Там і Літва, і Польшча, і Эстонія — усе будуць! Кніга будзе агульная, дастаткова тоўстая, дзе будзе пытанне, хто задаваў і адказ на яго, у якім ўтрымліваецца інфармацыя пра змены і ўлічванне дадзенай заўвагі”.

У Міністэрстве прыродных рэсурсаў таксама рыхтуюць свае заўвагі да існага варыянту СУНА беларускай АЭС. Як паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Пянязь, дагэтуль іх пазіцыя не была ўлічаная распрацоўшчыкамі ацэнкі ўплыву будучай АЭС.

Алена Пянязь: “Гэта ж не канчатковы варыянт СУНА быў прадстаўлены, а варыянт, які будзе дапрацоўвацца ў кожным выпадку. У варыянце СУНА нават няма прапаноў ад Міністэрства прыродных рэсурсаў — таму што не яно распрацоўвала! Мы збіраем прапановы менавіта з боку краін, куды і была накіраваная СУНА. Прапановы ад іх мусяць быць прадстаўленыя да канца лістапада. Але, я ведаю дакладна, будуць прапановы і ад Мінпрыроды”.

Магчымасць выказацца публічна ўсім зацікаўленым асобам яшчэ раз з’явіцца напрыканцы лістапада. Менавіта тады, перад самым завяршэннем прыёму заўвагаў па СУНА беларускай АЭС Орхускі камітэт збіраецца зладзіць адкрыты семінар для грамадскасці.

Алена Пянязь: “У нас ёсць такі Орхускі цэнтр. У іх запланавана напрыканцы лістапада — тады будзе адбывацца семінар для грамадскасці непасрэдна па АЭС. Там будуць і нашыя прадстаўнікі”.

Нагадаем, у кастрычніку ў Астраўцы адбыліся грамадскія слуханні па афіцыйнай Справаздачы па ўплыве на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС. Месца правядзення слуханняў было ачэпленае спецназам, а ў самім памяшканні прысутнічала мноства супрацоўнікаў спецслужбаў. Праціўнікі будаўніцтва АЭС на Астравеччыне практычна не былі дапушчаныя да абмеркавання, а слуханні ператварыліся ва ўхвальнае шоў з дэкламаваннем вершаў, прамовамі ад імя міфічных працоўных калектываў і затрыманнем на 7 сутак арышту фізіка-атамшчыка, каардынатара маскоўскай групы "Экаабарона" Андрэя Ажароўскага.


Глядзі таксама: Ад аварыі беларускай АЭС радыяцыя глебаў Літвы можа павялічыцца ў 100 разоў

Фота з ucpb.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі