Злотнікаў: Нават дэвальвацыя не выратуе краіну

Еўрарадыё: Ужо даўно нас папярэджвалі, што калі і далей будзе расці дэфіцыт гандлёвага балансу, то валюты ў абменніках хутка не будзе. Вось мы і дачакаліся гэтых часоў - людзі ў паніцы, скупляюць долары… Зараз іх насілу можна знайсці і ў абменніках і ў банкаматах…


Леанід Злотнікаў: Дэфіцыт гандлёвага балансу больш за 600 мільёнаў долараў толькі за першы квартал - гэта вельмі шмат. Але галоўнае тое, што мы назіраем адмоўнае сальда апошнія гадоў 15-18. Краіна жыве ўвесь час з негатыўным сальда гандлёвага балансу.


Дзе ж была дапушчана стратэгічная памылка, што менавіта цяпер гэта прывяло да такой сітуацыі?


Пасля 2006 года краіна ўсё больш і больш жыве не па сродках - спажывае больш, чым стварае эканоміка. І гэта звышспажыванне даволі хутка расце. Калі ў 2006 годзе мы ўсе разам спажывалі на 4% больш, чым стварала эканоміка, то ўжо ў 2010 годзе гэта было 13%. МВФ чакае, што звышспажыванне сёлета складзе 16%.


Дзесьці гэту розніцу трэба ўзяць і пакрыць - знешнімі пазыкамі, нейкім прытокам валюты звонку… Прыток валюты сёлета ў параўнанні з мінулымі 2-3 гадамі скараціўся. У першым квартале гэтага года ён адсоткаў на 30 ніжэйшы, чым у мінулым годзе. А спажываць звыш меры сёлета мы сталі яшчэ больш… Адсюль уся напружанасць і сітуацыя з валютай.


Мы цяпер бачым, што сітуацыю, якая склалася, спрабуюць выправіць не за кошт павелічэння экспарту, а за кошт абмежавання імпарту...


Так, ідзе барацьба з імпартам. Рознымі шляхамі развіваецца імпартазамяшчэнне, абмяжоўваецца валюта для куплі імпарту...


На пачатку году ўрад разлічваў прыцягнуць прамыя замежныя інвестыцыі. Думалі, што прыйдзе замежны інвестар, укладзе грошы ў нашу вытворчасць, у краіне будзе валюта, якая пакрые дэфіцыт попыту на валюту. Меркавалі, што будзем прыватызаваць прадпрыемствы, што прыбыткі ад прыватызацыі сёлета складуць 3 мільярды долараў. Урад паставіў планы прыцягнуць 6,4 мільярда долараў у краіну.


Планы грандыёзныя. Чыстае прыцягненне замежных інвестыцый за папярэднія 15 гадоў склала каля 3,6 мільярда долараў. А тут за адзін год ставяцца планы прыцягнуць 6 мільярдаў. Гэта проста фантастычныя планы.
Раней мы атрымлівалі грошы за акцыі Белтрансгаза. У мінулым годзе быў апошні плацёж. Сёлета магчымасці запазычання гэтак жа паменшыліся. Крэдыту ад МВФ ужо не будзе…


Людзям у канцы мінулага года далі шмат грошай, каб натхніць іх перад выбарамі. На пяцігодку прынялі фантастычна грандыёзную праграму, а прытоку валюты няма. Таму ўрад вымушана цяпер выкручвацца.


Зразумела, што праграму на пяцігодку цяпер рэалізаваць ужо немагчыма. Я так разумею, патрэбна ўжо праграма выратавання сітуацыі…


Так, цяпер складваецца надзвычайная сітуацыя. Калі няма прытоку валюты, трэба скарачаць спажыванне ў краіне. Усё роўна, хто гэта будзе - дзяржава перастане будаваць нейкія аб'екты або насельніцтва стане менш спажываць…


Сітуацыя зразумелая. Зараз давайце канкрэтна пагаворым пра шляхі выхаду з яе. Што б рабілі цяпер вы, калі б былі ва ўрадзе?


Дэфіцыт валюты гасіцца, як правіла, дэвальвацыяй, г.зн. абясцэньваннем нацыянальнай валюты. Гэта асноўны інструмент звядзення да нуля плацёжнага ці гандлёвага балансу, ухілення ад адмоўнага сальда.


Але сёлета ўрад разлічваў, што ён падтрымае курс рубля за кошт прыцягнення інвестыцый, за кошт прыватызацыі, за кошт запазычання на знешніх рынках. Паколькі такіх магчымасцяў няма, тое застаецца дэвальвацыя. Або "зацісканне паясоў".


Як звычайна жыве сям'я? Калі не хапае грошай, то ідуць, займаюць у суседа. Жывуць, добра спажываюць… Потым зноў бракуе грошай, зноў ідуць да суседа - сусед не дае. Што робіць сям'я?


Менш есць…


Правільна, куды ж дзенуцца? Менш будуць купляць. Мы, прыкладна, апынуліся ў такой жа сітуацыі. Ужо цяпер ідзе скарачэнне спажывання. Рэальныя зарплаты скарачаюцца. Намінальна людзі атрымліваюць тыя ж грошы, але гэтыя рублі абясцэньваюцца. Інфляцыя будзе расці да канца года. Ужо абвясцілі, што кошты на хлеб будуць расці шалёнымі тэмпамі - ад 2,5% да 5% у месяц.


Міністэрства эканомікі на пачатку года планавала, што кошты на малочныя прадукты будуць расці з хуткасцю 0,7% у месяц. Потым сказалі, што студзень-люты -- па 2% кожны месяц, усе астатнія месяцы года -- па 0,7%. Цяпер зноў кажуць, што не 0,7%, а 2%. І не зразумееш, дзе яны спыняцца...


Інфляцыя пакуль яшчэ стрымліваецца, але ўжо пачынае выходзіць з-пад кантролю. Падзецца няма куды - або заціскаць паясы, або рабіць даўгі. Калі ўрад не вырашае, значыць, гэта будзе ў явачным парадку. Тут ужо няма выйсця.


Ці значыць гэта, што цяпер дэвальвацыю праводзіць абавязкова?


Не абавязкова, калі ёсць магчымасць за кошт прыватызацыі атрымаць патрэбную валюту.


Але яе няма…


Таму атрымліваецца, што быццам бы дэвальвацыі няма, замежныя інвестыцыі ідуць слаба, прыбыткаў ад прыватызацыі сёлета практычна няма. Патавая сітуацыя, калі ўрад нічога не жадае рабіць, толькі развівае інфляцыю, ідзе па шляху "заціскання паясоў".


Цяпер, калі ўзяць сітуацыю ў абменных пунктах, з валютай незразумела што склалася. Нацыянальны банк спыніў падтрымку курсу. Але з іншага боку - забараняе камерцыйным банкам прадаваць вышэй дазволенага курсу. У той жа час, Нацыянальны банк ставіць цяпер задачу павялічыць золатавалютны рэзерв да канца года да 10 мільярдаў. Сёння ён складае 4 мільярды… Значыць, за год трэба павялічыць на 6 мільярдаў. Гэта значыць - нікому ніякай валюты не даваць! Разумееце, калі будуць выконвацца планы ўрада, насельніцтва нічога не купіць.


Абяцалі, што ўрад не будзе падтрымліваць камерцыйныя структуры, гэта значыць, што маса дробных фірмаў разарыцца…


Калі сітуацыя будзе працягвацца далей, прадпрыемствы стануць?


Усе не стануць, нейкім дзяржаўным прадпрыемствам будуць працягваць даваць… Але што значыць, за год назапасіць дадаткова 6 мільярдаў? Гэта атрымліваецца, што іх трэба яшчэ прыцягнуць невядома адкуль. І нават калі яны прыйдуць у краіну, то іх Нацыянальны банк пакладзе на палічку і будзе казаць - гэта рэзервы, гэта не крані. У такім выпадку ў гэтай краіне валюты нікому не дастанецца.


Я хачу сказаць, што Нацбанк цяпер не заўсёды ведае, што робіць. Яны цяпер там кідаюцца… Толькі нядаўна прынялі за 30 дзён рэзерваванне беларускай валюты, тут жа адмянілі. Зразумелі, што самі ж гэтым стварылі ажыятаж і паніку. Яны цяпер дзейнічаюць хаатычна. Што яны зробяць далей - цяжка сказаць. Але цалкам верагодна, што будзе замарожванне валютных укладаў, выдача іх у беларускіх рублях. Можа, будуць розныя курсы, валютчыкі, яшчэ штосьці…

цалкам верагодна, што будзе замарожванне валютных укладаў, выдача іх у беларускіх рублях. Можа, будуць розныя курсы, валютчыкі, яшчэ штосьці…


Гэта значыць, што ніякай лібералізацыі ў краіне быць не можа. Калі не лібералізаваны валютны рынак, калі не лібералізаваны знешні гандаль, усе надзеі на дырэктыву 4 - проста разбураюцца на вачах.


Чаму ў гэтай сітуацыі мы не бачым урад? Нацбанк штосьці спрабуе зрабіць - прымае, адмяняе… А ўраду наогул няма. Гэта нармальна?


Я думаю, усё ж асноўныя рашэнні ў краіне прымаюцца на ўзроўні прэзідэнта, і з валютай таксама. Таму, яны, можа быць, прапануюць прэзідэнту, што рабіць, а ён можа згаджацца ці не згаджацца. Яны спрабуюць штосьці рабіць, але ўжо нічога не могуць зрабіць.


Беларусь трапіла ў тую сітуацыю, калі на фінансавых рынках давер да краіны моцна зніжаецца. Кошт нашых еўрабондаў у апошнія дні панізіўся. Цяпер яны прадаюцца ніжэй, чым намінал, па якім яны былі размешчаныя ў жніўні мінулага года. Давер крэдытораў падае. Крэдытны рэйтынг краіны паніжаны, крэдытны рэйтынг шэрагу камерцыйных банкаў паніжаны…


Ці выратуе нас дэвальвацыя? Ці гэта толькі выправіць сітуацыю на нейкі кароткі перыяд?


Сапраўды, дэвальвацыя выраўноўвае гэты баланс на нейкі перыяд. Яна, увогуле, не выратуе краіну.


Гэта значыць, гэта толькі часавая мера?


Так. Што адбываецца ў выніку дэвальвацыі? Выйграюць экспарцёры. Яны будуць па тых жа коштам, што і раней, прадаваць сваю прадукцыю на замежным рынку, а ўнутры краіны за сваю прадукцыю яны будуць мець больш беларускіх рублёў. Зарплаты людзей, якія працуюць на экспартных прадпрыемствах, могуць узрасці. І наадварот - панізяцца зарплаты тых людзей, прадпрыемствы якіх купляюць імпарт для таго, каб ажыццяўляць вытворчасць.


Тут ёсць такая асаблівасць, што для таго, каб вырабляць штосьці самім, нам трэба купляць камплектуючыя, плаціць за энергію, якую мы купляем за мяжой. У нас вельмі высокая імпартаёмістасць вытворчасці. Калі ўзяць усе выдаткі ў сярэднім па Беларусі на ўласную вытворчасць, то 50% гэтых выдаткаў - гэта кошт імпарту. Таму вырастуць кошты на ўсе тавары, нават айчыннай вытворчасці, ужо не кажучы пра тое, што вырастуць кошты на імпартныя тавары.


Дэвальвацыя адначасова з высокай інфляцыяй у краіне азначае, што тыя, хто не мае прамога дачынення да экспартных прадпрыемстваў, будуць "заціскаць паясы". Надоўга дэвальвацыя праблем не вырашыць.

Глабальнае рашэнне праблемы ляжыць зусім у іншай плоскасці. Цяпер, каб выраўняць сітуацыю, каб зрабіць краіну прывабнай для замежных інвестыцый - вядома, патрэбна дэвальвацыя. Але ў той жа час, нам патрэбна зусім іншая эканоміка. Такая, дзе прадпрыемствы будуць эфектыўнымі. А гэта вельмі буйная рэформа эканомікі. Без змены беларускай мадэлі эканомікі я не бачу выйсця з гэтай сітуацыі.


Чым дрэнная наша мадэль эканомікі?


Калі параўнаць, як мы жылі ў 90-м годзе, і як жывем зараз, то ўбачым, што ўзроўню 90-х мы яшчэ не дасягнулі. Вытворчасць хімвалакна скарацілася, вытворчасць трактароў скарацілася са 100 да 50 тысяч, грузавых аўтамабіляў - з 42 да 26 тысяч… Я магу вельмі доўга працягваць гэты спіс. Краіна становіцца меней тэхналагічнай, і за свае тавары можа атрымаць менш долараў.


Спажыванне насельніцтвам скарацілася - мяса на душу скарацілася з 73 да 64 кг, спажыванне малака, рыбы, яек - скарацілася… Спажыванне гарэлкі вырасла больш, чым удвая. Колькасць пабудаваных кватэр скарацілася з 91 тысячы да 70-ці. Насельніцтва стала больш плаціць за камунальныя паслугі, спажываць менш якасных прадуктаў, працягласць жыцця насельніцтва крыху скарацілася…


Бачым, што асаблівых зрухаў у параўнанні з 90-м годам краіна не зрабіла. Стаіць вялікі звон, што мы такія прыгожыя і пухнатыя... А насамрэч, калі мы паглядзім на паказчыкі, то атрымліваецца, што гэта вельмі неэфектыўная мадэль. І пакуль мы яе не зменім - нічога тут не будзе.


Існуе яшчэ адзін варыянт рашэння сітуацыі - браць крэдыты. Што яны выправяць? І ці надоўга?


Тут мне нават і адказваць не абавязкова. За нас адказаў Пракаповіч на Ўсебеларускім сходзе напачатку снежня. Ён сказаў, што калі мы і далей будзем працягваць так жыць і рабіць даўгі, не ліквідаваўшы адмоўнае сальда гандлёвага балансу, то краіну чакае дэфолт.


З іншага боку, калі не знойдзем, дзе ўзяць грошы, зусім можа быць кепска…


А калі мы знойдзем грошы, працягнем яшчэ год-два, і гэту сістэму не зменім… Запазычанасці назапашваюцца. Калі ўзяць 2004-2006 гг, то сума агульнага вонкавага доўга вырасла на 2,7%, за наступныя 3 гады 2007-2009 - на 13,7%. Вы глядзіце, як нарастаюць тэмпы нашых запазычанасцяў! І яны растуць вельмі хутка. Мы падышлі да такой мяжы, калі нам ужо проста даваць больш не будуць. Нам зараз не пазычаць нават пад 9%.


На пазыкі нельга разлічваць. Мы ўсе разарымся, калі будзем працягваць так жыць. Пажывём яшчэ год-два, і ўлезем у такую яму, з якой будзе цяжка выбрацца - будзе дэфолт, рэзкі абвал узроўню жыцця, абясцэненне беларускай валюты і г.д. Калі мы будзем займаць і не рабіць штосьці ў межах краіны, то апынемся яшчэ ў горшым становішчы, чым сёння.


Чаго ж нам варта чакаць у бліжэйшы год? Які вы бачыце аптымістычны і песімістычны варыянты развіцця падзей?


Аптымістычнага сцэнарыя я ўжо не бачу. Тут гаворка ідзе пра тое, хто "зацісне паясы" ў большай ступені. Можна пашкадаваць насельніцтва і перастаць будаваць масу аб'ектаў… На войску, я думаю, ужо скарочана да максімума. Можна скараціць за кошт насельніцтва - працягваць ужо пачатую інфляцыю… Але я б не раіў ісці па гэтым шляху, гэта дэстабілізуе эканоміку.


Тым не менш, у любым выпадку, сёлета людзі "падціснуць паясы". Узровень прыбыткаў насельніцтва паменшыцца. У большай ці меншай ступені - гэта ўжо залежыць ад палітыкі ўрада. Працэс ужо ідзе, і ён можа працягнуцца, калі не змяніць курс. Калі не спыніць мадэль эканомікі, якая была створана ў Беларусі. Яна неэфектыўная.
Шкада казаць такія рэчы, але, спадзяюся, мяне за гэта не заб'юць, як раней забівалі ганцоў з дрэннай весткай… Але мой прагноз - негатыўны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі