Вы тут

“Зімой грэю чайнік, каб адагрэць калонку”: гэта проста дом у беларускай глыбінцы

Дом у Чыстаполлі

Тыпавыя двухпавярховікі, якія ў познія савецкія часы будавалі ў беларускіх вёсках, сёння вельмі часта выглядаюць не самым лепшым чынам. Ёсць адзін такі дом і ў вёсцы Чыстаполле Верхнядзвінскага раёна, што на Віцебшчыне. Падыходзіць да яго страшна: пазабіваныя вокны і дзверы, чорныя дзіркі замест шкла, цвіль ад вільгаці на падлозе і столі, размаляваныя сцены і амаль зруйнаваны пад’езд — здаецца, будынак даўно закінуты. Але гэта не так: у доме дагэтуль жывуць дзве сям’і. Адна з іх складаецца з трох жанчын: гэта Таццяна Ліцвінава, яе старая матуля і 11-месячная дачушка.

Дом руйнуецца на вачах

Кватэру тут на пачатку 90-х атрымаў бацька Таццяны, цяпер нябожчык, які працаваў у калгасе. Жанчына жыве ў ёй ад самага нараджэння. За 25 гадоў нічога навокал яе не змянілася. Ваду даводзіцца насіць 15 метраў ад калонкі. У пад’ездзе няма святла. Прыбіральня на вуліцы. Дом не падключаны да цэнтральнага ацяплення, а печку ў кватэры Таццяны адрамантавалі толькі нядаўна — на гэта давялося пазычыць грошай. У покуце стаіць газавы балон — каб гатаваць ежу і грэцца.

“Я ў гэтым доме нарадзілася, тут усёй сям’ёй жылі, — расказвае Еўрарадыё Таццяна Ліцвінава. — Браты таксама тут прапісаныя, але не жывуць. Адзін у Расіі, другі ў іншым месцы... Дачка 11 месяцаў, маці і я ў кватэры. Бацька мой шмат у калгасе адпрацаваў, жыў з намі, але ў 2017 годзе памёр”.

За камуналку Таццяна плаціць амаль дзевяць рублёў. Для яе гэта нямала. Чатыры рублі з дзевяці адлічаюцца на капітальны рамонт, але жанчына кажа, што не памятае ў доме рамонту за апошнія 25 гадоў. Некалькі разоў яна звярталася ў сельсавет, каб дапамаглі са святлом у пад’ездзе, бо ўвечары немагчыма выйсці на вуліцу з дзіцем:

Кватэры, дзе ніхто не жыве

“Святла няма і дагэтуль. Аднойчы вярталіся з прагулкі, зачапілася з дзіцем на руках, там дзірка ў падлозе. Дачка атрымала чэрапна-мазгавую траўму”, — скардзіцца Таццяна.

У Кахановіцкім сельсавеце, да якога адносіцца вёска, Еўрарадыё адказваюць коратка — дом знаходзіцца на балансе сельгаспрадпрыемства “Верхнядзвінскі”. Таму дапамагчы Таццяне не могуць:

“Гэта іх дом. Сельсавет — бюджэтная арганізацыя, і мы не можам нікому рамонт зрабіць. Нам самім купіць фарбу і пафарбаваць?”

А дырэктар “Верхнядзвінскага” Антон Тумашэвіч расказвае Еўрарадыё, што рамонтам сям’я Таццяны Ліцвінавай мусіла займацца сама:

“Дом без выгод. Печка, пліта свая ў іх... Гэтаму дому гадоў пяцьдзясят. Калі шчыра, дык рамонт там сапраўды не рабілі. Не хапае сродкаў — асноўная прычына. 

Гэтыя кватэры даўно трэба было спісваць, але там частка прыватызаваных. Грошай у саўгасе няма, чым я ёй дом адкапіталю? А колькі яны за сваё жыцце на бягучы рамонт выдаткавалі? Падфарбаваць, іншае… Няхай бы прыйшла, пагаварылі, што яна далей збіраецца рабіць”.

Цяпер сям’я Таццяны чакае чарговай зімы.

“Зімой, канешне, у складаных умовах жывём. Адна сценка ў інеі, снег збіраць можна. Вада ў калонцы замярзае. Грэю чайнік, каб адагрэць калонку”, — кажа яна.

Дом на вуліцы Палявой

Колькі ў Беларусі такіх людзей, як Таццяна і яе сям’я? У нашай краіне больш за 2,5 млн чалавек, якія не могуць сабе дазволіць набыць тавары і паслугі для задавальнення асноўных патрэб. Па звестках Белстата, 512 тысяч беларусаў знаходзяцца за рысай беднасці. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.