Вы тут

"Жывы — нешта адчувае": мужчыну, які падпаліў сябе зімой у Мінску, выпісалі

Павел Банькоўскі / фота з сацсетак

"Жывы — значыць, нешта адчувае, і дзякуй богу", — кажа Еўрарадыё Кацярына Банькоўская, былая жонка мінчука, які 22 студзеня падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці. Больш за месяц 35-гадовы Павел Банькоўскі правёў без прытомнасці.

Медыкі давалі самыя сумныя прагнозы і казалі, што ён пражыве не больш за 24 гадзіны. Каб выратаваць Паўла, лекары правялі некалькі аперацый па перасадцы скуры. Мужчына выжыў. З яго дазволу лекары паведамілі, што ў яго былі дыягнаставаныя апёкі больш як 50% цела.

16 чэрвеня стала вядома, што Павел Банькоўскі выпісаны.

"Я вельмі ўдзячная людзям, якія нас падтрымлівалі, — працягвае былая жонка. — Падтрымка была вельмі вялікая. Тады я адчувала дзікі боль, бо сітуацыя наўпрост закранула нашу сям'ю. Цяпер я хачу той момант проста хутчэй забыць".

СК пацвердзіў самападпал мужчыны на плошчы Незалежнасці / t.me/skgovby​

Днём 22 студзеня Павел Банькоўскі прыйшоў на плошчу Незалежнасці і падпаліў сябе ля правага крыла Дома ўрада. Сілавікі, якія ахоўвалі плошчу, былі разгубленыя, але потым сталі тушыць мужчыну адзеннем. Прыкладна праз 20 секундаў з боку Цэнтрвыбаркама прыбег чалавек з вогнетушыцелем.

У той жа дзень Банькоўскага шпіталізавалі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр.

У таго, што адбылося, ёсць некалькі версій. Блізкія Паўла расказвалі, што ў яго быў цяжкі перыяд у жыцці. Тое, што самападпал звязаны з палітычнай сітуацыяй у Беларусі, выключаць таксама нельга.

Банькоўскі — не першы, хто падпаліў сябе пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Падобныя выпадкі раней адзначаліся ў Смалявічах і ў Гомелі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.