Вы тут

Жыхары мінскага двара закідалі сілавікоў яйкамі

Мінскі мікрараён "Каскад" / Telegram

5 кастрычніка ў раёне 23:00 у мінскі квартал "Каскад" на барацьбу з БЧБ-сімволікай прыехала каля 15 маладых людзей з балончыкамі з фарбай. Іх суправаджаў мікрааўтобус з узброенымі вайскоўцамі ў балаклавах.

Іх спецаперацыя заключалася ў тым, каб дамаляваць зялёныя палосы і надпісы "За Беларусь" на бел-чырвона-белай агароджы.

Цяпер агароджа выглядае вось так / Telegram

— Гэтыя мастакі, у асноўным маладыя дзяўчаты, нікому не змаглі адказаць, хто яны і навошта зафарбоўваюць нашу агароджу. Пагаварыць з імі было ў прынцыпе складана, іх ахоўвалі сілавікі са зброяй. Пасля зафарбоўвання агароджы гэтая брыгада пайшла па дварах жылога комплексу. Здымалі стужкі, зафарбоўвалі чырвоныя палоскі на ліхтарах, — дзеліцца відавочца, жыхар "Каскада".

Бетонавая агароджа ў "Каскадзе" часта змяняла сваё аблічча. Яе перафарбоўвалі з бел-чырвона-белага ў шэры і чырвона-зялёны, на агароджы дамалёўвалі свастыку і пісалі абразы ў адрас мясцовых жыхароў. 5 кастрычніка агароджа была белай з чырвонай паласой пасярэдзіне і надпісам "Каскад — сіла".

Так агароджа выглядала да прыезду мастакоў / Telegram

"Каскадаўцы" былі не радыя нязваным гасцям у двары і пачалі кідацца ў мастакоў і сілавікоў яйкамі. У адказ людзі ў балаклавах сталі свяціць тактычнымі ліхтарамі ў вокны жыхароў і крычаць ім: "Спусціся сюды, пагаворым!"

Не абышлося без затрыманняў: сілавікі павезлі з двара двух жыхароў "Каскада", якія здымалі тое, што адбывалася, на відэа.

— Іх да гэтага часу не адпусцілі, будзе суд. Хлопцам "шыюць" дробнае хуліганства, — расказвае жыхарка мініполіса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.