Жыхары дамагліся капрамонту дзякуючы СМІ

Жыхары дома №142 на вуліцы Леніна ў Глыбокім некалькі гадоў дамагаліся ад мясцовых уладаў капітальнага рамонту. Расказвае жыхарка дому Таццяна Смоткіна:

Нашаму дому больш за сорак год, але капітальнага рамонту ні разу не было. Мы неаднаразова звярталіся ў ЖКГ, нам яшчэ казалі, што ён будзе ў 2009-м, потым — у 2010-м годзе. Так нас кармілі абяцанкамі і, калі я, напрыклад, асабіста звярталася ў ЖКГ з гэтай праблемай, што нашаму дому больш за сорак гадоў і павінны ўжо рабіць капітальны рамонт, бо побач стаяць маладзейшыя дамы, і там зрабілі капітальны рамонт, мне адказалі: “Вось яны пісалі ў газеты, крычалі, хадзілі, збіралі подпісы, а вы, відаць, мала хадзілі, мала казалі, таму ў вас, напэўна, і не скранулася нічога з месца”.

Праўда, у студзені мінулага года справа, здавалася б, кранецца з мёртвай кропкі. Быў праведзены сход жыхароў, на якім прысутнічаў дырэктар Глыбоцкай ЖКГ Андрэй Шымковіч. Ён паабяцаў вырашыць праблему. І справа пайшла. Але зроблена было далёка не ўсё, што абяцалася. Ды і якасцю зробленых работ людзі не задаволеныя. Распавядае жыхарка дома Таццяна Трызна:

“Сказаць, што нічога не рабілі… Быццам бы рабілі, прымазалі казыркі. Настаялі, рамонт зрабілі ў трэцім пад’ездзе. Тры гады пасля пажару як пасля бамбёжкі быў пад’езд. Крыху пафарбавалі, пабялілі… Але, каб зрабіць асноўны добры рамонт, нават не лічаць патрэбным”.

Тым часам паслугі ЖКГ толькі растуць. Асабліва людзей абурае вялікія, на іх думку, памеры выплат за кіраўніцкія выдаткі. Працягвае Таццяна Трызна:

“Я, кажу, пытаюся пра змены, а яны кажуць, што ўзялі трэцяга майстра. І атрымліваецца так, працуе адзін сантэхнік, а над ім стаяць два-тры начальнікі”.

З гэтай нагоды жыльцы пайшлі на прыём да дырэктара ЖКГ. Андрэй Шымковіч уважліва выслухаў і паабяцаў завяршыць ужо пачаты рамонт. Паводле яго словаў, сродкі, якія ёсць на капітальны рамонт дамоў у гэтым годзе ў Глыбокім, у 10 разоў меншыя за патрэбнае. Таксама дырэктар ЖКГ наракаў на якасць кадраў і адзначыў, што “дармаўшчыны” больш не будзе —далей жыхары будуць самі плаціць за рамонт. Каментуе Еўрарадыё дырэктар ЖКГ:

Гэта адзіны дом, які трапіў у абавязальніцтва, якое мы выконваем. Плюс, абавязальніцтвы мінулых перыядаў да мяне, мы іх таксама выканаем, але ўжо па дзяржуліку. Чаму так атрымліваецца, таму што яшчэ раз кажу, вельмі шмат, гэта і сістэма, і фінансы, і кадры, скажам так, слабаватыя мы яшчэ ў каленях, каб трымаць удар і годна сябе адчуваць”.

Жыльцы дома №142 усё ж спадзяюцца, што кіраўніцтва ЖКГ сваё слова стрымае, і ім не давядзецца больш прыцягваць увагу журналістаў да стану іх дома.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі