Вы тут

Жыхарка Мінскага раёна трапіла пад "крыміналку" за каментар па "справе Зельцэра"

Крымінальную справу на беларуску пачалі за каментары па "справе Зельцэра" / pixabay.com

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай спраы супраць 28-гадовай жыхаркі аграгарадка Гатава Мінскага раёна. Яе вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці і абразе кіраўніка дзяржавы.

Як заяўляе следства, у ліпені-жніўні 2020 года дзяўчына публікавала на свай старонцы ў сацсетках даступныя для вольнага прагляду відэаролікі са сваім удзелам. У іх яна нібыта абражала Аляксандра Лукашэнку

У верасні 2021 года дзяўчына зноў звярнулася ў сваіх роліках да грамадска-палітычнай тэматыкі. Нагодай стала "справа Зельцэра" — мінскага айцішніка, які адстрэльваўся, калі кадэбісты ўламіліся ў яго кватэру. Пры гэтым адзін з супрацоўнікаў КДБ загінуў. Самога Андрэя Зельцэра таксама застрэлілі пры штурме.

"Па словах дзяўчыны, знаходзячыся ў разгневаным стане, яна зрабіла відэазапіс, у якім выказала меркаванне з нагоды гібелі супрацоўніка КДБ пры затрыманні. Дадаткова адзначыла, што ёй было не шкада дадзенага чалавека", — кажуць у Следчым камітэце.
 
Дзяўчына ўзятая пад варту. У яе дома адбыліся ператрусы. Таксама следчыя вывучылі інфармацыю ў яе тэлефоне. 

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.