Вы тут

Жыхар Гомеля купіў фальшывы залаты скарб

Фальшывы скарб / vk.com/uvd.gomel

Жыхар Гомеля купіў фальшывы залаты скарб. Ён заплаціў за яго тры тысячы долараў. Як паведамляе прэс-служба гомельскай міліцыі, у канцы траўня па дапамогу да міліцыянераў звярнуўся 20-гадовы мясцовы жыхар, які працуе прарабам у будаўнічай арганізацыі. Паводле яго слоў, проста на будоўлі двое мужчын, якія прадставіліся ўраджэнцамі Узбекістана, прапанавалі яму купіць скарб. Яны казалі, што таксама працавалі на будоўлі і ім не заплацілі, таму няма за што вярнуцца на радзіму. А "залатыя манеты" яны нібыта знайшлі падчас працы. Каб не было сумненняў, замежнікі завялі мужчыну ў ламбард, дзе спецыяліст пацвердзіла, што манета залатая.

Таксама невядомыя прадавалі манеты з срэбра і рарытэтныя срэбраныя вырабы часоў Расійскай імперыі. За ўсё яны хацелі атрымаць 5 тысяч долараў. Але такіх грошай беларус не змог сабраць. Тады яны пагадзіліся на меншую суму.

Пасля шчаслівы ўладальнік скарбу высветліў, што манеты важаць менш, чым павінны. Ён зразумеў, што яго ашукалі, і звярнуўся ў міліцыю. З дапамогай камер відэаназірання аператыўнікі атрымалі фотаздымкі зламыснікаў. Арыентыроўкі былі распаўсюджаны па ўсёй Беларусі. І іх затрымалі — у аўтамабілі на Кобрыншчыне ў Брэсцкай вобласці. Замежнікаў "пры падтрымцы АМАПу" прывезлі ў Гомель. Усе трое затрыманых ва ўзросце 26, 27 і 29 гадоў аказаліся братамі — двое родных і адзін стрыечны. Яны жыхары Астрахані і Стаўрапольскага края РФ. Грошы яны не паспелі патраціць. Распачата крымінальная справа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.