Вы тут

Журналістку TUT.by за тыдзень да вызвалення адправілі ў СІЗА Магілёва

Кацярына Барысевіч у судзе / ont.by

Журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч за тыдзень да вызвалення адправілі ў СІЗА Магілёва. Дагэтуль палітзняволеная ўтрымлівалася ў Жодзінскім СІЗА. Верагодна, з Магілёва Барысевіч этапуюць у калонію ў Гомелі, дзе адбываюць пакаранне жанчыны, асуджаныя ўпершыню, паведамляе TUT.by.

У сакавіку 2021-га 36-гадовая Кацярына Барысевіч была асуджана на шэсць месяцаў пазбаўлення волі і штраф 2900 рублёў, а лекар Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі 37-гадовы Арцём Сарокін — на два гады калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год. Іх прызналі вінаватымі ў "разгалашэнні медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы". Яны абнародавалі інфармацыю, што забіты пратэстовец Раман Бандарэнка не быў п'яным — 0 праміле алкаголю ў крыві. А гэта супярэчыла афіцыйным заявам. Барысевіч і Сарокін сваёй віны не прызналі.

Пракуратура палічыла прысуд журналістцы Кацярыне Барысевіч "занадта мяккім" і падала апеляцыйны пратэст. 20 красавіка Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю і пакінуў прысуд без зменаў. Барысевіч мусіць выйсці на волю 19 траўня. За кратамі яна знаходзіцца з лістапада 2020-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.