Вы тут

Прысуд журналістцы TUT.by Барысевіч не змянілі, яна выйдзе на волю ў траўні

Кацярына Барысевіч у судзе ў лютым 2021-га / БЕЛТА

20 красавіка Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю на прысуд журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч. Раней пракуратура палічыла прысуд райсуду "занадта мяккім" і апратэставала яго. Але ў выніку прысуд не змянілі. Апеляцыйныя пратэст і скаргу суд пакінуў без задавальнення.

У пачатку сакавіка суд Маскоўскага раёна сталіцы прыгаварыў Кацярыну Барысевіч да 6 месяцаў пазбаўлення волі і штрафу — 2900 рублёў, а лекара бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна — да двух гадоў калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год. Іх прызналі вінаватымі ў "разгалашэнні медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы". Журналістку і лекара пакаралі за артыкул на TUT.by, прысвечаны гібелі пратэстоўца Рамана Бандарэнкі, што ён не быў п'яным — 0 праміле алкаголю ў крыві — а гэта супярэчыла афіцыйным заявам.

Барысевіч яшчэ ў лістападзе 2020-га прызнаная палітзняволенай.

У Мінскі гарадскі суд журналістку з Жодзінскага СІЗА не прывозілі. Кацярына Барысевіч знаходзіцца за кратамі з лістапада 2020 года. Яна мусіць выйсці на волю 19 траўня.

У Мінскім гарадскім судзе 20 красавіка 2021-га / Еўрарадыё
Перад абвяшчэннем прысуду па апеляцыі / Еўрарадыё
Пасля абвяшчэння рашэння Мінскага гарадскога суда / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.