Журналіст Аркадзь Бабчанка жывы! Гэта была спецаперацыя СБУ

Журналіст Аркадзь Бабчанка жывы! Гэта была спецаперацыя СБУ

Журналіст Аркадзь Бабчанка жывы! Гэта была спецаперацыя СБУ. 30 траўня Бабчанка з'явіўся перад журналістамі на брыфінгу, арганізаванаму ўкраінскай спецслужбай. Было заяўлена, што затрыманы падазраваны ў арганізацыі замаху на журналіста (ён, нібыта, планаваў забойствы 30 грамадзян Украіны).

СБУ заявіла, што забойства Бабчанкі замовілі расійскія спецслужбы. Для гэтага быў завербаваны ўкраінскі грамадзянін, які мусіў знайсці выканаўцаў. Гэта ўсё было задакументавана.

"Я павінен быў прынесці спачуванні сям'і, але я, наадварот, хачу павіншаваць... Я хачу павіншаваць Аркадзя Бабчанку з трэцім днём нараджэння", — сказаў старшыня Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак.

Бабчанка падчас выступу на прэс-канферэнцыі папрасіў прабачэння ў жонкі і блізкіх за тое, што адбылося. Па словах журналіста, пра падрыхтоўку замаху на яго ён даведаўся месяц таму.

"Да мяне прыйшлі месяц таму, — распавёў Бабчанка. — Людзі сказалі, што ёсць на цябе замова. Ужо перададзеныя грошы. Грошы, наколькі мне вядома, 40 тысяч долараў. Я нядрэнна каштую, слухайце... Паказалі дакументы, мае пашпартныя дадзеныя, маю фатаграфію, якая ёсць толькі ў маім пашпарце. Калі я яе рабіў, калі атрымліваў пашпарт... Стала зразумела, што інфармацыя ідзе з Расіі, інфармацыя ідзе з, мабыць, дзяржаўных службаў. Здабыць гэтую інфармацыю маглі толькі спецслужбы".

Пра забойства Аркадзя Бабчанкі ў Кіеве ў пад'ездзе яго дома было абвешчана ўвечары 29 траўня. Было паведамлена пра тры стрэлы ў спіну. Праваахоўнікі распаўсюдзілі фотаробат падазраванага.

Аркадзь Бабчанка — вядомы расійскі журналіст, апазіцыйны да цяперашняга рэжыму Пуціна. У апошнія гады ён жыве ва Украіне, з'яўляецца вядоўцам тэлепраграмы на крымскататарскім тэлеканале ATR.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі