Вы тут

ЖКГ: дэмантаж спадарожнікавых антэн закране толькі цэнтр Мінска

Дэмантаж антэн на вуліцы Валадарскага / Аляксей Карпека, Еўрарадыё

На вуліцы Валадарскага ў Мінску рабочыя зранку 23 красавіка дэмантуюць тэлевізійныя талеркі, усталяваныя на фасадзе дамоў. На гарачай лініі ЖКГ Ленінскага раёна патлумачылі Еўрарадыё, што дэмантаж спадарожнікавых антэн будзе толькі ў цэнтры горада, на "каркасных вуліцах" і гістарычных будынках:

"Талеркі дэмантуюць на каркасных вуліцах, бо яны псуюць знешні выгляд і фасад будынкаў, ды і агульнае аблічча горада. Таму Мінгарвыканкам вырашыў дэмантаваць усе талеркі-антэны. Спярша было выдадзена прадпісанне, каб уласнікі самі знялі іх — як правіла, гэта незаконна ўсталяваныя талеркі. Ну а калі грамадзяне не ідуць на разуменне, тады мы гэта робім самастойна. Але гэта тычыцца толькі каркасных вуліц, якія выходзяць на асноўныя праспекты і праезды. Спальныя раёны гэта не закране".

Рабочыя, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у дэмантажы незаконна ўсталяваных талерак, распавялі, што ўсё гэта робіцца ў рамках падрыхтоўкі і "акультурвання" да ІІ Еўрапейскіх гульняў. І заўважылі, што талеркі, якія ўстаноўлены законна, не чапаюць.