Жазэ Барозу па выніках сустрэчы з Ціханоўскай: разам за свабоду і дэмакратыю

Святлана Ціханоўская і Жазэ Мануэль Барозу​ / twitter.com/JMDBarroso
Святлана Ціханоўская і Жазэ Мануэль Барозу​ / twitter.com/JMDBarroso

Святлана Ціханоўская прыбыла з візітам у Партугалію, дзе запланаваныя яе сустрэчы з прэм'ер-міністрам Антоніу да Кошта і міністрам замежных спраў Аўгусту Сантушам Сілвай, паведамляе БелаПАН.

Напярэдадні ў Лісабоне яна паспела пагутарыць з былым прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі (2004-2014) Жазэ Мануэлем Барозу.

"Мне вельмі прыемна пачаць візіт у Партугалію сустрэчай з Жазэ Мануэлем Барозу", — напісала Ціханоўская на сваёй старонцы ў Twitter.

Па яе словах, гутарка атрымаўся натхняльнай. Ціханоўская выказала падзяку Барозу за падтрымку беларускага народа ў яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю. "Спадзяюся, гэта толькі пачатак нашага супрацоўніцтва з Партугаліяй", адзначыла яна.

Жазэ Барозу таксама пракаментаваў гэтую сустрэчу, напісаў, што быў рады сустрэцца з "мужным лідарам, які змагаецца за свабодныя і сумленныя выбары ў Беларусі", а таксама выказаў салідарнасць у барацьбе "за правы чалавека, свабоду і дэмакратыю".

Пасля выбараў Прэзідэнта Беларусі 2010 года і разгону акцый пратэсту Барозу адмовіўся ехаць ва Украіну на мерапрыемствы з нагоды 25-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі там будзе Аляксандр Лукашэнка. Каментуючы гэтае рашэнне, Лукашэнка назваў кіраўніка Еўракамісіі "казлом". На саміт яго тады так і не запрасілі.

Дадамо, што ў Партугалію Святлана Ціханоўская прыехала з Фінляндыі, дзе сустракалася, у тым ліку, з прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам і кіраўніком МЗС гэтай краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі