Жаночыя гармоны як сродак не ісці ў войска?

Апошняй навінкай прызыву ў войска гэтага году стала спроба “адкасіць” ад службы шляхам ужывання хлопцамі жаночых гармонаў. Паспрабаваўшы адшукаць прыхільнікаў такога сродку ў рэсурсе Livejournal, журналісты Еўрарадыё знайшлі толькі звесткі пра існаванне такіх сяброў, але, на жаль, усе адмовіліся раскрываць іх каардынаты.

Тады мы вырашылі даведацца наконт самой магчымасці існавання такіх прызыўнікоў у начальніка аддзела прызыву Ваеннага камісарыята Мінску і Мінскай вобласці Сяргея Луцкіна:

“У кожным выпадку павінны вырашаць дактары. Гэта, безумоўна, факт, які з’яўляецца падставай для праверкі. У нас лекар нясе крымінальную адказнасць за прыняцце экспертнага рашэння. Таму ўсе выпадкі будуць аналізавацца і разглядацца асобна.

Гэтым займаюцца міжраённыя медыцынскія камісіі. Яны працуюць на працягу ўсяго году, акрамя жніўня. Медкамісіі ўпаўнаважаны прымаць рашэнні як па прыпісцы, так і прызыву. Менавіта яны прымаюць экспертныя рашэнні.”


Такія камісіі існуюць амаль у кожнай паліклініцы. Звычайна менавіта ад супрацоўнікаў гэтых камісій і залежыць, пойдзе той ці іншы хлопец будаваць генеральскія дачы ці лячыцца ад туберкулёзу ў бліжэйшыя паўтара году. Гаворыць загадчыца аддзялення ВКК 28-й паліклінікі Марыя Шукіна:

“Усе пабочныя эфекты будуць выяўленыя пасля абследавання камісіі. Наколькі доўга чалавек прымаў гармоны, якая кратнасць і колькі па часе ўжываўся пэўны прэпарат. Гэта толькі падчас абследавання, даных мерапрыемстваў, аналізаў.

Можа змяніцца гарманальны фон. Тады пойдзе аваласенне па жаночым тыпе. Таксама могуць з’яўляцца гарманальныя захворванні. Але ж каб дакладна вызначыцца, прыдатны для арміі ці не, – патрэбныя дадатковыя даследаванні.”


Дадатковыя абследаванні, канешне, прызначаюцца далёка не кожнаму прызыўніку. Але калі справа заходзіць пра гарманальныя змены – тады накіроўваюць менавіта эндакрынолагаў.

Гаворыць загадчык аддзялення Мінскага эндакрыналагічнага дыспансеру Святлана Чаранкевіч:

“Арганізм будзе імкнуцца развівацца па жаночым тыпе. Тут могуць нават грудзі вырасці. Будуць падаўляцца функцыі яечак, гэта значыць надалей чалавеку можа пагражаць бясплоднасць і адсутнасць усіх мужчынскіх функцыяў.

Можа выклікаць пухліну пячонкі, яечак ды іншых органаў. Нармальныя людзі гэта не робяць. Таму калі вы пачынаеце без аніякага кантролю прымаць гармоны, то ўжо праз паўгоду развіваюцца незваротныя змены ў арганізме.

Так чалавек спецыяльна шкодзіць свайму здароўю. Гэта, канешне, супрацьпаказанні для арміі. Тут абавязкова патрэбна кансультацыя псіхіятра.”

Пасля такіх словаў адмыслоўцаў мы не маглі не звярнуцца па кансультацыю да спецыяліста. Магчымую сітуацыю нам пракаментаваў Ігар Сарокін, практыкуючы псіхіятр:

“З чыста псіхіятрычнага погляду можна меркаваць, што ў чалавека ёсць пэўныя адхіленні ў развіцці асобы, яе фармавання. У любым выпадку гэта экстраардынарны і незвычайны сродак дасягнення сваёй мэты.”

Такім чынам атрымліваецца, што ўжыванне жаночых гармонаў сапраўды здольна “адмазаць” ад службы ў войску. Але нават калі гэта і спраўдзіцца, то вярнуцца да пачатковага стану будзе ўжо немагчыма.

Да таго ж вам параяць звярнуцца да псіхіятра, бо такія рашэнні, па словах адмыслоўцаў, здаровыя людзі не прымаюць

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі