Здымкі беларускага графа знайшлі на блышыным рынку ў Парыжы (Фота)

На фота ХІХ стагоддзя Бенедыкт Тышкевіч прыкідваецца каратыстам і падглядае за дзяўчатамі ў ложку. У Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску адчынілася выстава Графа-фатографа Бенедыкта Тышкевіча.

Унікальная яна тым, што здымкі канца ХІХ стагоддзя ацалелі цудам – супрацоўнікі французскага музея набылі іх у парыжскага антыквара абсалютна выпадкова. За апошнія 15 гадоў выстава экспануецца ўсяго ў трэці раз – першы быў у 1994 годзе ў Францыі, другі ў 2000 у Літве. Цяпер 86 здымкаў нарэшце вярнуліся на Радзіму.

На старых, але выдатна захаваных картках – беларускія сяляне, сцэнкі побыту. Вось мужык набірае ваду з ракі, а жанчына нясе яе ў тазіку на галаве дадому. Вось хлопец з дзяўчынай сядзяць на паваленым дрэве і, боўтаючы ў паветры нагамі, пра нешта замілавана гавораць. Вось прачка агрубелымі рукамі торгае бялізну ў ночвах.

А вось і сам Бенедыкт Тышкевіч стаіць, задраўшы нагу як дзюдаіст, і пры гэтым яшчэ п’е віно з бутэлькі. Усе здымкі былі зробленыя ў маёнтку Тышкевічаў Вялава, што пад Валожыным. Будынак захаваўся, але, як многія беларускія помнікі, стаіць у руінах. Лепшы лёс напаткаў здымкі графа – усе 86 картак ахайна захоўваюцца ў французскім горадзе Шалон-на-Соне, у музеі вынаходніка фатаграфіі Нісэфора Ньепса. Намесніца дырэктара музея мадам Крыстэль Рашэт асабіста прывезла выставу ў Мінск. На адкрыцці спадарыня Рашэт зазначыла:

Крыстэль Рашэт: “Для ХІХ стагоддзя гэта насамрэч рэдкая з’ява, калі такі заможны чалавек з такога шляхетнага асяродку звяртаецца да тэмы сялянскага жыцця і побыту. Здымкі графа Тышкевіча сведчаць, што гэта быў чалавек вельмі высокай культуры”.

Спрыяла ў арганізацыі выставы Амбасада Францыі ў Беларусі. З беларускага боку выставай апекавалася грамадскае таварыства “Фотамастацтва”. Намеснік старшыні Іван Пятровіч зазначыў на адкрыцці, што здымкі Тышкевіча не толькі высокамастацкія, але і дасканалыя ў тэхнічным плане.

Іван Пятровіч: “Ягоная лабараторыя знаходзілася ў Вялаве, гэты дом захаваўся, што праўда, у руінах. Павільён быў збудаваны спецыяльна для заняткаў фатаграфіяй. Бо тагачасныя тэхналогіі вымагалі шмат святла для здымкаў. Альбо гэта мусілі быць здымкі на адкрытым паветры – альбо ў добра асветленым памяшканні. Таму калі глядзіш на гэты будынак – адчуванне, што ў парадны ўваход можна было заехаць на карэце!.. Насамрэч гэта былі вокны для лепшага асвятлення”.

Увогуле, Бенедыкта Тышкевіча можна параўнаць па ўнёску ў нашую культуру з Напалеонам Ордам. Орда пакінуў пасля сябе дзве з паловай сотні малюнкаў беларускай архітэктуры – што дае нам ўяўленне пра выгляд нашай краіны паўтара стагоддзі таму. А дзякуючы Тышкевічу мы ведаем, як выглядалі тагачасныя беларусы. Магістр мастацтвазнаўства Сяргей Харэўскі адзначае, што некаторым сучаснікам трэба вучыцца ў Тышкевіча.

Сяргей Харэўскі: “Калі глядзіш на гэтыя тыпы беларускіх сялянаў, міжволі прасякаешся гонарам: ніякіх там каўтуноў страшных, ніякай цемрадзі!.. Думаю, там ёсць над чым падумаць нашым культуролагам і гісторыкам. Гэта насамрэч жывая гісторыя – не перапісаная, не перакуленая, не ідэалізаваная…”

Выстава здымкаў графа Бенедыкта Тышкевіча працягнецца ў Нацыянальным гістарычным музеі да 29 кастрычніка.

Бенедыкт Тышкевіч, аўтапартрэт, Вялава, 1893 г.

Кухня на ферме, Вялава, верасень 1897 г.

Спадар Урбанікі, які пераапрануты ў клоўна, Вялава, жнівень 1891 г.

Бенедыкт Тышкевіч з дачкой Эльжбетай, Вялава, 1893 г.

Селянін, Вялава, верасень 1893 г.

Сялянка, Вялава, верасень 1890 г.

Сялянка, Вялава, верасень 1890 г.

Прачка, Вялава, ліпень 1897 г.

Насільшчыца вады, Вялава, жнівень 1897 г.

Інтэр’ер Грызэты, без даты

Бенедыкт Тышкевіч, аўтапартрэт у вобразе паляўнічага, Вялава, 1893 г.

Намесніца дырэктара Музея Нісэфора Ньепса мадам Крыстэль Рашэт (злева) і прадстаўніца Амбасады Францыі ў Беларусі спадарыня Іна Мацыенка

Спадар Іван Пятровіч

На адкрыцці выставы

Амбасада Францыі пачаставала гасцей французскім віном і французскай музыкай