Вы тут

Зборная Беларусі па гандболе выйшла ў наступны раўнд чэмпіянату Еўропы

Беларусаў было не стрымаць! / handball.by

Зборная Беларусі па гандболе абыграла Чарнагорыю і заняла 2-е месца ў групе на чэмпіянаце Еўропы. Каманда Юрыя Шаўцова з другога месца выйшла ў наступны раўнд.

На старце групавога раўнда ў Аўстрыі беларусы абыгралі сербаў (35:30) і прайгралі харватам (23:31). Чарнагорцы прайгралі харватам (21:27) і выйгралі ў сербаў (22:21). У выніку зборныя Беларусі і Чарнагорыі набралі па 2 ачкі і прэтэндавалі на другое месца ў групе. У нашай каманды была перавага: розніца закінутых і прапушчаных мячоў у яе "мінус 3", у чарнагорцаў — "мінус 5". Каманду Юрыя Шаўцова ў рашаючым матчы магла задаволіць нічыя, але яна гуляла толькі на перамогу!

Толькі ў пачатку першага тайма чарнагорцы былі наперадзе, далей беларусы паступова пачалі сыходзіць у адрыў. На перапынак каманды сышлі пры ліку 17:11 на карысць беларускай зборнай. У другой палове матча наша каманда ўтрымала камфортны лік, а пасля павялічыла яго, і атрымала важную перамогу — 36:27. Самы выніковы матч на турніры!

Мікіта Вайлупаў закінуў 7 мячоў, ён самы выніковы ў складзе зборнай Беларусі ў паядынку з чарнагорцамі.

З нашай групы ў наступны раўнд выйшлі зборныя Харватыі і Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.