Зборная Беларусі матчы зборным Чэхіі і Малдовы не “прадавала”?

Пра гэта ўжо заявіў старшыня Савета федэрацыі футболу Генадзь Нявыглас, тое ж сцвярджае галоўны сведка па справе -- былы галкіпер зборнай Генадзь Туміловіч. Магчыма, хутка дойдзе да таго, што сваё меркаванне на гэты конт і артыкул, па якім вядзецца справа, памяняюць і следчыя? Падчас інтэр’вью карэспандэнта Еўрарадыё з Валерам Шанталосавым былы галкіпер зборнай Беларусі сам прапанаваў пераслаць на рэдакцыйны факс дакументы, якія пацвердзяць яго невінаватасць. Нагадаем, размова ідзе пра два матчы зборнай Беларусі адборачнага тура перад чэмпіянатам Еўропы-2004. Тады беларускія футбалісты прайгралі зборным Чэхіі і Малдовы.

Следства сцвярджае, што прайграныя матчы былі “купленыя”. Нават справу завялі па адпаведным артыкуле – 253-м, “Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў”. І называе імя чалавека, які прапаноўваў футбалістам грошы за пройгрыш, – Валеры Шанталосаў. Але пасля слоў Генадзя Нявыгласа, што ніякага “продажу” не было, а гаворку можна весці толькі пра спробы подкупу, і следчыя, і сведкі пачалі казаць, што факт заказнога характару ліку матчаў не даказаны. Толькі абвінавачванняў з галкіпера не знялі.

Дакументы, дасланыя ў рэдакцыю, уяўляюць сабой заявы футбалістаў. Там яны сцвярджаюць, што Шанталосаў не звяртаўся да іх з прапановай прайграць матч з неабходнай розніцай мячоў. Заяў 9. Па словах Шанталосава, Рамашчанка і Кульчы былі ў Маскве, калі ён збіраў подпісы, але могуць зрабіць гэта ў любы момант. Ёсць яшчэ Генадзь Туміловіч, але да яго абвінавачаны ў подкупе футбалістаў экс-галкіпер нават не звяртаўся. Справа ў тым, што Туміловіч з’яўляецца галоўным сведкам следства па гэтай гучнай справе.

Еўрарадыё запыталася ў Генадзя Туміловіча, ці звяртаўся да яго былы калега дзеля подпісу ў яго падтрымку.

Генадзь Туміловіч: “Чаму хлопцы не маглі напісаць такіх заяў? Ён ім нічога не прапаноўваў, яны так і напісалі. Да мяне ён па такую распіску не звяртаўся. Звернецца -- будзем гаварыць. Але хай звернецца спачатку”.



Што ж тычыцца следства, то, па словах футбаліста, паказанні ён даваў толькі адзін раз і зарокся звязвацца са следствам.

Генадзь Туміловіч: “Адзін раз я быў толькі ў следчага. Больш не збіраюся ніякіх паказанняў даваць і ў гэтым удзельнічаць”.

Туміловіч адмовіўся, што аўдыёзапісы, пазней перададзеныя следству галоўным рэдактарам “Прессбола” Уладзімірам Беражковым у якасці доказаў, былі зробленыя ім. Футбаліст кажа, што ён іх не толькі не рабіў, але нават і не чуў.

Генадзь Туміловіч: “Тую стужку з нашай нібыта размовай з Шанталосавым, я яе не чуў. Толькі чытаў у следчага. Перапісаную на паперу пасля экспертызы”.

Пра суму ў 40 тысяч долараў, якую па версіі следства прапаноўвалі футбалістам за пройгрыш, Генадзь Туміловіч нічога казаць не захацеў. Праўда, таго, што такая размова была, не адмаўляе. Валеры Шанталосаў назваў запіс ананімкай, якую ён не хоча нават абмяркоўваць.

Валеры Шанталосаў: “Няма там такіх слоў, а ўсе адвакаты кажуць, што яны павінны быць, каб нешта прад’яўляць: “Гена, на табе 20 тысяч і тое, тое, тое”.

Аднак Уладзімір Беражкоў працягвае сцвярджаць, што на запісе ёсць неабвержныя доказы “продажу матчаў”.

Уладзімір Беражкоў: “Размова пра 40 тысяч долараў, я вам дакладна скажу, ідзе. І называюцца іншыя лічбы, не толькі 40 тысяч. Там гаворыцца і пра 10 тысяч долараў, і пра 20 тысяч долараў, якія зарабіў Шанталосаў на гэтых здзелках, тут у Мінску. Ён нібыта выконваў пасярэдніцкія функцыі, і ён зарабіў 20 тысяч долараў. Сам асабіста ў кішэню паклаў. Там ёсць шмат розных лічбаў, якія гучна называюцца”.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што сёння следчыя маюць нумар мабільнага тэлефона Шанталосава, яму ніхто так дагэтуль і не пазваніў.

А Туміловіч падчас размовы з карэспандэнтам Еўрарадыё прызнаўся, што ў заведзенай праваахоўнымі органамі справе нічога не разумее.

Генадзь Туміловіч: “Я ўжо да такой ступені заблытаўся, што не разумею, з чаго ўсё пачалося. І чым ўсё закончыцца -- вельмі цяжка ўявіць”.

Футбаліст катэгарычна заявіў, што матчы Беларусь-Малдова і Чэхія–Беларусь не былі купленымі. Так склалася гульня. Але тое, што ў беларускім футболе вельмі шмат “дамоўленых” матчаў, пацвердзіў.

Генадзь Туміловіч: “Паўсюдна. Ва ўсіх дывізіёнах”.

Праўда, дадае, што так было раней. І яго словы пра сённяшнія цяжкасці беларускага футболу, не маюць ніякага дачынення да “куплі-продажу” матчаў.

Генадзь Туміловіч: “Калі я кажу, што ў беларускім футболе шмат праблем, гэта не значыць, што ў нас суцэльныя “дамоўнікі”. І нічога тлумачыць тупым я не збіраюся”.



На пытанне Еўрарадыё, ці былі ў яго кар’еры выпадкі, калі ён бачыў, што абаронцы спецыяльна прапускаюць да яго нападаючых суперніка, галкіпер прызнаўся, што былі. Але абвінавачванняў ён ніколі і нікому не выстаўляў.

Генадзь Туміловіч: “Каб такое сцвярджаць, неабходна мець сур’ёзныя доказы”.

Што ж тычыцца заяў ад футбалістаў, якія нібыта пацвярджаюць невінаватасць Шанталосава, то Уладзімір Беражкоў лічыць, што іншага яны і не маглі напісаць. Прынамсі тыя, хто сапраўды вінаваты.

Уладзімір Беражкоў: “Няўжо вы думаеце, што чалавек, які ўзяў грошы, калі-небудзь прызнаецца ў гэтым?”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі