“Займацца хакеем пачала ў 16 гадоў. Але мужчыны не хацелі мяне браць у каманду”

“Займацца хакеем пачала ў 16 гадоў. Але мужчыны не хацелі мяне браць у каманду”

Судзіць матчы чэмпіяната Беларусі па хакеі ў Вышэйшай лізе ў новым сезоне ўпершыню будуць двое дзяўчат. Анастасія Танасевіч і Віталія Хаміцэвіч выступяць у ролі лінейных арбітраў. Еўрарадыё звязалася з Анастасіяй Танасевіч, якая з 16 гадоў была нападаючай аматарскага клуба “Саюз”. Апроч яе, у камандзе была толькі адна дзяўчына — брамніца.

“На прафесійным узроўні я не займалася, бо не было жаночай каманды, калі пачала займацца, — кажа Анастасія. — Таму ў мяне былі і трэніроўкі і гульні, але на аматарскім узроўні. Але нават у аматарскія каманды не вельмі бяруць дзяўчат. У мяне некалькі разоў так было. Проста казалі, што дзяўчыну ў каманду не возьмуць, тым больш, з нулявога ўзроўню. Маўляў, гэтыя праблемы нікому не патрэбныя”.

Чаму менавіта хакей, Анастасія патлумачыць не можа. Маўляў, паспрабавала, спадабалася і нават незадаволенасць бацькоў не спыніла. З баскетболам, якім дзяўчына таксама займалася некалькі гадоў, такога захаплення не было. А жаданне стаць арбітрам узнікла пасля судзейства дзіцячага чэмпіянату Беларусі.

“Проста захацелася паспрабаваць сябе ў ролі суддзі, — кажа Насця. — Бо ў ролі гульца я сябе ўжо паспрабавала. Хацелася паспрабаваць паглядзець на гульню з іншага боку. І вось, спадабалася. Тут у кожным моманце ёсць свае нюансы, але судзіць, мне падаецца, больш адказна, бо суддзяў менш, чым гульцоў, і прымаць рашэнне трэба хутка, дакладна і правільна. Ды і маральна судзіць больш складана, чым гуляць. Але я кажу пра аматарскі ўзровень, бо прафесійна не гуляла, не ведаю”.

Калі будзе бойка, а гэта здараецца на хакейных матчах, Насця хавацца не плануе. Але і лезці ў самы гушчар таксама не будзе, каб не ўдарылі выпадкова. Тым больш, што калегі ёй паабяцалі падобныя сітуацыі браць на сябе.

“Сапраўды, цяпер вельмі не хапае дзяўчат, якія жадаюць гуляць у хакей. Магчыма, склаўся такі стэрэатып, што гэта агрэсіўны і зусім не жаночы від спорта. Магчыма, не хапае нейкай фінансавай дапамогі, — разважае новы арбітр пра выхад з заняпаду беларускага жаночага хакея. — Магчыма, патрэбная добрая рэклама. Можа, патрэбны чалавек, які б сказаў: калі ласка, дзверы адкрытыя, усе жадаючыя дзяўчаты, прыходзьце, займайцеся трэнеруйцеся”.

Цяпер Насця вучыцца ў БДУ на маркетолага, але марыць пра судзейства міжнародных спаборніцтваў, а з цягам часу — чэмпіянату свету ды Алімпіяды.

У будучым хацелася б стаць галоўным суддзёй, але пакуль я хачу дасягнуць усяго магчымага ў ролі лінейнага, — усміхаецца Анастасія. — А далей, я нават перакананая, што дайду да міжнароднага судзейства, гэта пытанне часу і намаганняў”.

Зборы, дзе праходзілі праверку будучыя судзі і інспектары, прайшлі днямі ў Маладзечне. Дзяўчаты паспяхова прайшлі іспыты па тэорыі, фізічнай ды каньковай падрыхтоўцы. Таму цалкам верагодна, што ў бліжэйшы час іх могуць рэкамендаваць для абслугоўвання жаночых спаборніцтваў Міжнароднай федэрацыі хакея.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі