Затрыманне Сухарэнкі дагэтуль афіцыйна не пацверджана

Затрыманне былога старшыні КДБ Сцяпана Сухарэнкі і яго першага намесніка дагэтуль афіцыйна не пацверджана. Нагадаем, учора інтэрнэт-выданне “Беларускі партызан” паведаміла, што раніцай 20 ліпеня следчыя МУС пры сілавой падтрымцы байцоў “Алмаза” затрымалі Сцяпана Сухарэнку і яго былога першага намесніка Васіля Дземянцея.
Нагадаем, адной з магчымых прычын адстаўкі Сцяпана Сухарэнкі называлася збіццё у Магілёве групай чэкістаў кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантроля Зянона Ломаця. Учора Лукашэнка пацвердзіў, што напад на галоўнага кантралёра здзейснілі супрацоўнікі КДБ.

У шэрагу інтэрнэт-выданняў паведамлялася, што гэта была спроба падставіць міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, а атрымалася, што ў апалу патрапіў Сухарэнка.

Паводле версіі “Беларускага партызана”, пасля адстаўкі былы кіраўнік КДБ спрабаваў адсядзецца ў вёсцы. Былі меркаванні, што ён з’едзе ў Расію. Нібыта, месяц таму Сухарэнка тыдзень знаходзіўся ў Маскве, дзе “тайна сустракаўся з высокапастаўленымі супрацоўнікамі ФСБ”.

Пра гэта стала вядома ў Мінску. Санкцыю на арышт былога старшыні КДБ мог даць толькі адзін чалавек. “Беларускі партызан” паведамляе, што Сцяпан Сухарэнка можа знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага.

Паводле звестак “Еўрарадыё”, кіраўніцтва аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў вечарам 20 ліпеня вырашала, якім чынам можна было б падаць інфармацыю пра затрыманне генералаў дзяржбяспекі.

Аднак ні ў вечаровым, ні ў сённяшних ранішніх выпусках навінаў пра гэта не было сказана ні слова.

“Еўрарадыё” будзе сачыць за развіццём сітуацыі.

Фота - Photo.ByMedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі