Вы тут

Замяталін скандаліў у краме: "Ды не хачу я гаварыць на вашай дзяўбанай мове"

Уладзімір Замяталін. Фота з акаўнту Ігара Кольчанкі ў Фэйсбуку

Скандал з-за беларускай мовы ўчыніў былы галоўны ідэолаг Беларусі Уладзімір Замяталін. Пра здарэнне распавёў у сацсетках дырэктар піяр-агенцтва Sette Ігар Кольчанка.

Канфлікт паміж незадаволеным пакупніком і прадавачкай адбыўся ў краме "Еўраопта" ў гандлёвым цэнтры "Галерэя" на праспекце Пераможцаў. У гэтай краме касіры па змоўчанні звяртаюцца да кліентаў па-беларуску.

Наведніку не спадабалася, што прадавачка звярнулася да яго па-беларуску. Ён пачаў крычаць: "Ды не хачу я гаварыць на вашай дзяўбанай мове. Канстытуцыю пачытайце і адказвайце мне па-руску!"

У каментары nn.by Замяталін пацвердзіў, што гэта быў сапраўды ён і патлумачыў сваю пазіцыю: "Абслуговы персанал павінен размаўляць на той мове, на якой да яго звяртаюцца. Паўсюль гэта норма. Увогуле я не разумею, у чым шум і інтарэс. Нічога звышнатуральнага не адбылося".

Журналісты пацікавіліся ў Замяталіна, ці адказваў ён па-беларуску, калі сам быў чыноўнікам. "Калі да мяне звяртаюцца па-беларуску і я разумею, што кажуць, я адказваю па-руску. Калі не разумею, то так і кажу. Але вучыць мову ў 70 гадоў не збіраюся", — заявіў у адказ ён.

Сёлета Уладзіміру Замяталіну спаўняецца 70 гадоў. Ён родам з расійскай Тулы, скончыў Данецкую вышэйшую ваенна-палітычную вучэльню, служыў палітруком у Германіі, на Далёкім Усходзе. Потым апынуўся ў Беларусі, дзе ўзначаліў прэс-службу Мінабароны. Меў званне палкоўніка.

Далей Замяталін быў прэс-сакратаром Савета міністраў, віцэ-прэм’ерам і намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адказным за ідэалогію. Напрыканцы кар'еры ён узначальваў "Беларусьфільм".