Расіяне замовілі ў Беларусі партыю масла з надпісам "Сделано в Белоруссии"
Масла, якое замовілі расіяне / x.com/Lozanna_na_Obi
"Гэта патрабаванне заказчыка". Расіяне замовілі партыю масла на Пастаўскім малочным заводзе, і адмыслова ўдакладнілі, што на ўпакоўцы мусіць быць напісана "Сделано в Белоруссии".
Карыстальнікі твітара спачатку ўвогуле не паверылі, што перад імі прадукт з Беларусі: "Гэта [слова "Белоруссия" на ўпакоўцы. — Еўрарадыё] самы просты спосаб вызначаць канрафакт. Гэта толькі расіяне могуць напісаць такое на масле, але ў іх не можа быць беларускага масла".
Але ўсё аказалася не так проста. На прадпрыемстве пацвердзілі, што сапраўды вырабілі партыю з гэтай упакоўкай. І дадалі, што надпіс і ім "муляе вуха". Але зрабіць з гэтым нічога не змаглі: "Менавіта такі надпіс — гэта патрабаванне заказчыка".
А замовіла гэтую партыю масла расійская гандлёвая сетка "Монеточка".