Вы тут

Захворвальнасць COVID-19 па-ранейшаму расце

Медыкі ў Беларусі таксама кажуць пра трэцюю хвалю COVID-19 / TUT.BY

Захворвальнасць COVID-19 у свеце расце ўжо дзявяты тыдзень запар, гаворыцца ў чарговым паведамленні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

За апошні тыдзень захворвальнасць вырасла яшчэ на 8%, смяротнасць — на 5%. Цягам апошніх сямі дзён у свеце было выяўлена амаль 5,7 мільёна новых выпадкаў заражэння каранавірусам. Агульная колькасць інфікаваных з пачатку пандэміі перавысіла 146 000 000. Больш за тры мільёны чалавек памерлі ад COVID-19.

Тэндэнцыю вызначае Паўднёва-Усходняя Азія — тут захворвальнасць павялічылася ў паўтара разу. Пры гэтым у астатніх рэгіёнах назіраецца зніжэнне: у Еўропе — на 12%, у Афрыцы — на 9%, а ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы — на 8%.

У Беларусі таксама назіраецца трэцяя хваля захворвальнасці COVID-19, кажуць медыкі. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч гаварыў, што яна характарызуецца вялікай колькасцю пацыентаў з сярэдняй і цяжкай формамі захворвання. Праз тое, што ў стацыянарах ёсць пацыенты, якія захварэлі падчас другой хвалі, і новыя цяжкія, "з'яўляецца адчуванне, што заражаных больш, чым калі", казаў каля тыдня таму і інфекцыяніст Юрый Горбіч

Медыкі просяць выконваць меры прафілактыкі — насіць маскі і пазбягаць людных месцаў, а таксама ўскладаюць вялікія надзеі на вакцынацыю. Паводле звестак на 21 красавіка, першую дозу вакцыны супраць COVID-19 атрымала больш за 211 тысяч жыхароў Беларусі. Поўны курс вакцынацыі прайшло больш за 75 тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.