Заходнія СМІ: Пуцін мог проста залегчы на дно

Упершыню з 5 сакавіка Пуцін з’явіўся перад камерамі сёння, 13 сакавіка.

За такі доўгі час адсутнасці, расійскія СМІ і сацыяльныя сеткі ледзь не пахавалі крамлёўскага лідара. Еўрарадыё прагледзела, што ў гэты перыяд пісалі заходнія СМІ.

Вось, што выдае пошук Google, калі ўвесці слова "Пуцін"

Брытанскае выданне Mirror выказвае меркаванне, што знікненне Пуціна можа быць звязанае з хваробай. Усходнеўкраінскі канфлікт і забойства Нямцова падкасілі здароўе расійскага лідара.

Амерыканская газета the Denver Post піша, што знікненне Пуціна адбылося падчас “турбулентнага моманта” ў расійскай палітыцы. Палітык мог проста “залегчы на дно”.

Выданне звязвае гэта з тым, што на мінулым тыдні спецслужбы Расіі арыштавалі пяць чалавек, якія падазраюцца ў датычнасці да забойства апазіцыйнага лідара Барыса Нямцова 27 лютага.

Газета выказвае меркаванне, што арышты маглі з’яўляцца знакам пачатку жорсткай барацьбы за ўладу паміж Кадыравым і некаторымі чыноўнікамі ў расійскіх праваахоўных органаў, якія ўжо даўно з абурэннем ставяцца да чачэнскага лідара.

Выданне Bloomberg View піша, што ў Расіі гэта нармальная сітуацыя, калі ад прэсы хочуць схаваць стан здароўя лідара краіны. Так, папярэднік Пуціна Барыс Ельцын таксама быў схільны да знікненняў:

“Ён любіў выпіць і меў слабое сэрца. Здароўе Ельцына стала асабліва кепскім падчас падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 1996 года. Тады яго памочнікі схавалі ад прэсы, што Ельцын незадоўга да галасавання перанёс сардэчны прыступ.”

Пасля яго пераммогі на выбарах, крамлёўскія паліттэхнолагі сталі больш творча адказваць на любыя пытанні пра здароўе прэзідэнта. Так, 19 жніўня 1996 года прэс-сакратар прэзідэнта Сяргей Ястржэмбскі адказаў на пытанне пра здароўе Ельцына, што наконадні ён меў моцнае рукапажацце, піша выданне.

Брытанская газета Daily Telegraph таксама адзначае, што хаванне стана здароўя лідараў Расіі адбываецца не першы раз.

Напрыканцы 2012 года, журналісты заўважылі, што прэзідэнт кульгае. А праз некаторы час ім былі адмененыя або адкладзеныя шэраг замежных паездак.

“Гэта выклікае здагадку, што Пуцін тады быў не ў стане вытрымаць працяглыя пералёты. Некаторыя СМІ меркавалі тады, што падчас палётаў на дэльтаплане са сцерхамі ў Сібыры пагоршыўся стан старой траўмы спіны. Але прэм’ер-міністр Расіі Дзмітры Мядзведзеў распавёў, што прэзідэнт атрымаў нязначныя спартовыя траўмы.”

Нагадаем, што і беларускі прэзідэнт таксама знікаў ад вачэй прэсы. 20 сакавіка 2006 года Лукашэнка выступіў на выніковай прэс-канферэнцыі ў гонар свайго перавыбрання, а затым знік. Прэзідэнт не браў удзел ні ў адным публічным мерапрыемстве, інаўгурацыю перанеслі, а яго прэс-служба не давала каментарыяў. Знайшоўся Аляксандр Лукашэнка 28 сакавіка — ён выступіў на нарадзе па пытаннях удасканалення структуры органаў дзяржкіравання ў Мінску, аднак сваю адсутнасць не каментаваў.

Фота: Alexei Druzhinin/AP, РІА “Новості”, kremlin.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі