ЗАГС: Не заўжды магчыма стаць беларусам, нарадзіўшыся ў Беларусі

ЗАГС: Не заўжды магчыма стаць беларусам, нарадзіўшыся ў Беларусі

Аказваецца, існуе шанец не стаць беларусам, нарадзіўшыся ў Беларусі. Беларускі шоўмен Антон Мартыненка стаў бацькам і сутыкнуўся з тым, што супрацоўнікі ЗАГСа ў пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці ў графу “нацыянальнасць” не хацелі пісаць “беларус”.

Вядоўца мае беларускае грамадзянства і лічыць сябе беларусам, але ў яго пасведчанні аб нараджэнні ўказаная нацыянальнасць "украінец". Нацыянальнасць маці яго дзіцяці — алеутка. І ў выніку дзіця можа быць толькі “ўкраінцам” або “алеутам”, паведамляюць у ЗАГСе.

У адным з мінскіх ЗАГСаў Еўрарадыё тлумачаць, што грамадзянства (тое, пашпартам якой краіны ты валодаеш) — гэта адно, а нацыянальнасць — іншае. Нацыянальнасць нованароджанаму перапісваецца з пасведчання аб нараджэнні бацькі ці маці — на выбар.

“Вы можаце нарадзіцца ў якой заўгодна краіне, але ваша нацыянальнасць вызначаецца толькі па нацыянальнасці бацькоў”, — кажа прадстаўніца ЗАГСа.

ЗАГС: Не заўжды магчыма стаць беларусам, нарадзіўшыся ў Беларусі
Фота: wikimapia.org

То бок калі ў чалавека, які з маленства жыве ў Беларусі, захоплены гісторыяй і культурай гэтай краіны, размаўляе па-беларуску, сам сябе лічыць беларусам, нарадзілася дзіця — гэта недастатковая падстава напісаць у пасведчанні аб нараджэнні ў графе “нацыянальнасць” — “беларус”.

У Канстытуцыі, дарэчы, напісана: “Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, роўна як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці”.

З гэтай нагоды ў ЗАГСе паведамляюць, што не пісаць дзіцяці ўвогуле ніякай нацыянальнасці — яшчэ адзін варыянт вырашэння пытання.

“Тлумачу вам выхад з сітуацыі: вы можаце напісаць, што вашы звесткі пра нацыянальнасць не прадстаўленыя. Значыць, і ў дзіцяці будуць адсутнічаць звесткі пра нацыянальнасць. І калі яно вырасце, таксама не будзе мець дадзеных пра нацыянальнасць”, — кажа супрацоўніца ЗАГСа.

ЗАГС: Не заўжды магчыма стаць беларусам, нарадзіўшыся ў Беларусі
Фота: trend.az

Гэта ж Еўрарадыё пацвярджаюць і ў Мінюсце:

“Паводле Палажэння аб парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і выдачы дакументаў, калі грамадзяне пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці не жадаюць указваць нацыянальную прыналежнасць бацькоў, у графе “нацыянальнасць” запісу акта аб нараджэнні і пасведчання аб нараджэнні робіцца запіс “звесткі не прадстаўленыя”, — паведамляе прэс-сакратарка Міністэрства.

Такім чынам, па беларускіх законах нацыянальнасць дзіцяці можа быць толькі бацькоўская, матчына або ўвогуле не указвацца. Стаць беларусам на падставе нараджэння ў краіне нельга.

Дарэчы, у іншых краінах Еўропы “нацыянальнасць” абазначае грамадзянства або падданства. А беларускаму тэрміну адпавядае слова “этнічная прыналежнасць” (ethnicity).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі