Вы тут

За што "Антывандал" ненавідзіць БЧБ-сцягі: задаем пытанні адэпту #ямыбатек

Заснавальнік "Антывандала" Аляксандр / Еўрарадыё​

Сведкамі ў судзе над Марыяй Сафонавай, на якую заведзена крымінальная справа за надпіс "Жыве Беларусь!" на асфальце, выступаюць удзельнікі Тэлеграм-канала "Антывандал". Гэта тыя самыя хлопцы, якія зафарбоўваюць апазіцыйныя графіці, прымалёўваюць да БЧБ-сцягоў зялёныя палоскі і скардзяцца на праціўнікаў Лукашэнкі ў міліцыю.

Марыя Сафонава і Аляксандр / Еўрарадыё

— Я прыхільнік таго, што выказваць сваю палітычную пазіцыю ў грамадскіх месцах не варта. Не забывайце, што акрамя вас ёсць іншыя людзі, — распавядае ў перапынку судовага паседжання Аляксандр

— Якая ў вас мэта? 

— Вы выдатна разумееце. Назва нічога не кажа, ці трэба даваць нейкія каментары? Наша задача — гэта барацьба з вандалізмам. Пачытайце, што такое вандалізм.

— Колькі чалавек у вашым чаце?

— Шмат.

— 15?

— Больш.

— 100?

— Не скажу.

— Вы зафарбоўвае толькі БЧБ-сімволіку або любую карцінку, любое нецэнзурнае слова?

— Калі побач з БЧБ знаходзіцца нейкі іншы здзек, нешта падобнае, зафарбуем. Нам не складана. Але асноўная задача — барацьба з БЧБ-сімволікай. Паралельна і ўсё астатняе.

— Чаму менавіта БЧБ?

— Таму што БЧБ-сцягоў больш, чым астатняга цяпер. Значна больш БЧБ-сімволікі, чым непалітычных актаў вандалізму. 

— Марыя Сафонава распавядае, што на яе пад'ездзе намаляваны член. Яго не зафарбавалі нават пасля звароту ў міліцыю. Зафарбуеце? Ці для гэтага яго трэба размаляваць у БЧБ?

— Калі вы так хочаце, замалюем. Мне не складана.

— Вы лічыце, што гэтыя надпісы "Жыве Беларусь!" і выява БЧБ-сцягоў —цынічныя і абразлівыя?

— Мяне абражаюць. Я на той дарозе [дзе Марыя напісала "Жыве Беларусь!". — Еўрарадыё], упершыню сустрэўся са сваёй дзяўчынай. Таму для мяне гэта апаганьванне. 

— Чаму вас абражае фраза "Жыве Беларусь!"? Такая ж напісана на шапцы дзяржаўнай "Народнай газеты".

— Я рады. Ёсць прыхільнікі гэтай газеты, ёсць праціўнікі.

— Што павінна адбыцца, каб вы выдыхнулі? Ёсць жа нейкая місія?

— Калі на тых жа месцах спыняцца акты вандалізму.

— І ўсё ж, чаму "Жыве Беларусь!" абразліва? Ёсць аргументы?

— Гэты слоган разам з сімволікай — гэта ўсё вядзе да Вялікай Айчыннай вайны. Да ўсяго, што рабілі пад гэтым падчас той вайны. Я не буду зараз у гэтым капацца.

"Жыве Беларусь!" — гэта і праўда дрэнна?

Беларускія вучоныя лічаць, што фраза "Жыве Беларусь!" і БЧБ-сцяг не могуць быць абразлівымі або цынічнымі. Гэта меркаванне агучваецца ў судзе:

"Іх публічная дэманстрацыя сведчыць пра гонар за свой народ, пра патрыятызм і падтрымку незалежнасці і суверэнітэту"

Пасля таго, як адвакат падазраванай Інэса Аленская зачытвае экспертнае заключэнне ад двух супрацоўнікаў Акадэміі навук, у зале суда раздаюцца апладысменты.

Тым не менш, дзяржабвінаваўца патрабуе арыштаваць Марыю Сафонаву на 2 месяцы. Ён сцвярджае, што разам з групай асоб Марыя наўмысна наносіла ў двары па вуліцы Балтыйскай надпісы, "якія абражаюць пачуцці грамадзян, дэманструюць знявагу да маральных каштоўнасцей і накіраваныя на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і грамадскай маральнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.