За салідарнасць з ІП Уладзіміра Някляева аштрафавалі на 10,5 млн рублёў

За салідарнасць з ІП Уладзіміра Някляева аштрафавалі на 10,5 млн рублёў

Уладзіміра Някляева аштрафавалі на 10,5 млн рублёў (50 базавых велічыняў) за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска 15 лютага. Адпаведнае рашэнне 14 сакавіка прыняла суддзя Цэнтральнага раёна сталіцы Вікторыя Шабуня.

Някляеў кажа, што апошнія суды па адміністрацыйных справах ігнараваў, але на гэты вырашыў прыйсці. "Я прыйшоў у суд з прычыны таго, што 15 лютага, у той дзень, калі я быў на Кастрычніцкай плошчы, у Брусэлі міністры замежных спраў ЕС прымалі рашэнне аб скасаванні санкцый супраць Лукашэнкі і яго атачэння. І па загаду Лукашэнкі на плошчы тады не з'явілася ні аднаго супрацоўніка міліцыі, прынамсі ў форме, і пратаколы ні на каго не складаліся", — перадае БелаПАН словы апазіцыянера.

Але пазней высветлілася, што 15 лютага не было "днём дэмакратыі", дадаў ён.

Дарэчы, акрамя акцыі 15 лютага Някляева падазраюць ва ўдзеле ў акцыі ІП 28 лютага, на якую ён не хадзіў. Копію пратакола пра адміністрацыйнае парушэнне за ўдзел у акцыі 28 лютага палітыку прыслалі поштай. Там напісана, што Някляеў адмовіўся яго падпісаць. Дата суда па гэтым пратаколе пакуль невядомая.

Нагадаем, акцыі індывідуальных прадпрымальнікаў, якія патрабавалі адмяніць указ №222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці, прайшлі ў цэнтры Мінска 15, 22 і 28 лютага. Як правіла, пратаколы на мітынгоўцаў на месцы не складаліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі