Вы тут

За лета было два дажджы: спыталі прадаўцоў сельгаскірмашоў, чаму ўсё падаражэла

Раскажам, дзе знайсці палескія яблыкі / Еўрарадыё

Усе выхадныя ў Мінску праходзілі сельскагаспадарчыя кірмашы. А да гэтага ўвесь месяц інтэрнэт задаваўся сельскагаспадарчымі пытаннямі: чаму бульбу сталі прывозіць з Украіны? Чаму так выраслі цэны?

Мы адправіліся на адну з пляцовак, каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні. Ну і бульбы, вядома, прыкупіць.
 

"Памятаеце, які быў халодны травень?"

Да якой палаткі ні падыдзеш, усюды вам падвядуць аднолькавыя вынікі года: ураджай сёлета горшы, чым быў летась, таму і цэны вышэйшыя. Прычыну называюць адну і тую: надвор'е.

— Надвор'е падвяло, — прызнаюць прадаўцы памідораў. — Спачатку была халодная вясна. Памятаеце, які быў халодны травень? Потым — прахалодны чэрвень. А ў ліпені пачалася спякота, дажджоў не было. Жнівень быў халодны. І такія перапады прывялі да таго, што ўраджай у два разы меншы.

Па суседстве прадаюць бульбу. І таксама наракаюць на надвор'е. Кажуць, якраз у той час, калі бульба павінна была набіраць рост, пачалася засуха.

Тут жа адзін з прадаўцоў расказвае карэспандэнту Еўрарадыё, што па бульбу нядаўна прыходзіў нават сусед, у якога ёсць уласны прысядзібны ўчастак. Участак ёсць, а ўраджаю на ім няма, так што даводзіцца закупляцца на сельгаскірмашы.

Летась кілаграм бульбы оптам можна было купіць за 60-70 капеек. Цяпер ён каштуе 1,2 рубля.

Бульба сорту "Каралева Ганна" / Еўрарадыё

— У нас у Брэсцкай вобласці за ўсё лета ўсяго толькі два дажджы выпала. Але, дзякуй богу, бульба добрая. Буракі — трошкі горшыя. Але ўсё нармальна, каля дома ў нас ва ўсіх ёсць палівальныя свідравіны, так што калі дажджу няма — паліваем.

— Значыць, неўраджай не зусім крытычны? Без бульбы беларусы застацца не могуць? Зіму перажывём?

Прадаўцы з перажыванняў мінчукоў пасмейваюцца і кажуць не турбавацца — перажывём. А калі што, пяройдзем на ўкраінскую бульбу. Яе прывозяць сюды ж, на сельгаскірмаш, у вялікіх фурах, расказваюць прадаўцы. У кожнай фуры — па 10 тон украінскай бульбы. Перазімуем.

 

Феномен Століншчыны

Пакуль мы абмяркоўваем цэны на бульбу, пакупнік шукае капусту. І не знаходзіць, таму што капусту трэба шукаць раніцай, да абеду яе ўжо размятаюць.

— А чаму капусты няма? Рана?

— Была ўжо капуста! Ужо прадалі.

— Усё з'елі! А я гляджу — нідзе капусты няма! Спала доўга!

— А трэба з раніцы прыходзіць!

Амаль кожны прадавец, з якім мы пагутарылі, у Мінск прыехаў са Столінскага раёна. Нам тлумачаць: насельніцтва раёна вялікае, там жыве больш за 70 тысяч чалавек, а працаваць асабліва няма дзе.

Палескія памідоры / Еўрарадыё

— Вось усе і займаюцца агуркамі, памідорамі, бульбай, капустай.

Год таму мясцовы кансервавы Гарынскі агракамбінат, кажуць мясцовыя жыхары, купілі палякі. А менавіта — зарэгістраванае ў Століне прадпрыемства з замежным капіталам ТАА "Расольнік". За камбінат аддалі 9,3 млн рублёў.

— Сказалі, камбінат стратны. А мы не разумеем, як на Століншчыне кансервавы камбінат можа быць стратным — у нас летам агуркі оптам прадаюць па 5 капеек за кілаграм. Адгружаем і на Маскву, і на Піцер, у некаторыя дні — да тысячы тон. А свой кансервавы камбінат прымудрыліся збанкрутаваць, — здзіўляецца адзін з прадаўцоў. — У тых, хто на гэтым камбінаце працаваў, не было заробкаў. А як толькі палякі прыйшлі, адразу людзям заробак далі.

Працуюць у раёне і прыватнікі. На кірмашы нам расказваюць пра мясцовую прыватную кампанію "Палескія вострыя прыправы". Сярод палескіх вострых прыпраў — і карнішоны, і морква па-карэйску.

— І Мінск разбірае, і Віцебск. Хлопцы, якія працуюць кіроўцамі на прыватніка, тысячу рублёў у месяц стабільна зарабляюць. А тыя, хто ў калгасах працуе, мінімалку атрымлівае.

У цэлым, тлумачаць нам, на Століншчыне добра жыць ва ўраджайныя гады. Вырас ураджай — усё будзе добра.

 

Яблыкі, кветкі і мёд

У пэўным сэнсе сельгаскірмашы — гэта астравок Палесся ў Мінску, і ён адпавядае самым лепшым вашым уяўленням пра Палессе. Гэта значыць, калі ў тутэйшых прадаўцоў просіш каментар, атрымліваеш і каментар, і палескі яблык у падарунак.

На кірмашы можна купіць нават кветкі / Еўрарадыё

У выходныя такіх "астраўкоў" у Мінску з'яўляецца 15 штук. Купіць можна не толькі відавочныя памідоры, бульбу, яблыкі, але і кветкі, і мёд, і кандытарку.

Яшчэ адна прадавец згаджаецца: засуха сёлета дадала праблем. Але яна ўважліва сочыць за прагнозамі надвор'я і, калі чуе, што тэлебарометр абяцае засушлівае лета, ужо рыхтуецца, што трэба будзе неяк яго перажыць і часцей ладзіць паліў.

Некаторыя, праўда, ад каментароў усё ж адмаўляюцца: просяць увайсці ў становішча і зразумець, што да другога дня кірмашу ўжо няма сіл. Цэны хоць і вышэйшыя, чым летась, але людзі на іх чамусьці не скардзяцца і скупляюць усё, што прывезлі прадаўцы.

— Я кожны год прыязджаю на кірмаш і хачу сказаць, што сёлета найлепшы кірмаш. Людзі ўсё бяруць нядрэнна. Асабліва бульбу — гэта, мы ведаем, другі хлеб. Мясную прадукцыю таксама бяруць, асабліва сала. І на цэны не скажу каб скардзіліся.

 

Што пачым

Паказваем прыкладныя цэны на прадукты, якія можна купіць на сталічных кірмашах:

кілаграм бульбы — 1,2 руб.,

кілаграм капусты — 1-1,2 руб.,

кілаграм яблыкаў — 2-3,5 руб.,

кілаграм таматаў — 1-4,5 руб.,

кілаграм агуркоў — 2-3,5 руб.,

кілаграм баклажанаў — 1-2 руб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.