Вы тут

За кратамі кікбаксёр Аляксей Кудзін перайшоў на беларускую мову

Аляксей Кудзін у судзе ў Маладзечне, 2020 год / З архіву rh.by

За кратамі кікбаксёр Аляксей Кудзін перайшоў на беларускую мову. Як піша "Наша ніва", спачатку ён адказваў на ліст па-руску, а пасля напісаў па-беларуску. "Адразу ўспомніў дарогу ў свой родны горад Маладзечна, які вельмі люблю і ніколі не кіну", — гэта радок з ліста Кудзіна.

Шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін быў асуджаны 11 жніўня 2021-га ў Маладзечне на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у супраціўленні міліцыянерам падчас разгону акцыі пратэсту ў жніўні мінулага года. Кудзін заявіў у судзе, што насамрэч гэта была самаабарона. Ён прызнаны палітзняволеным.

Кудзін спрабаваў пазбегнуць крымінальнага пераследу і ў канцы 2020-га выехаў у Расію. Але яго аб'явілі ў вышук, затрымалі пад Масквой, а ў ліпені сёлета выдалі ў Беларусь.

Беларускамоўны ліст Кудзіна / Наша ніва

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.