За донарскую кроў магчыма перастануць плаціць?

Чыноўнікі не жадаюць плаціць за кроў, называючы гэта дабрачыннасцю. Донары хочуць зрабіць гэта прафесійным заняткам.
Ужо тыдзень у краіне працягваецца так званы “папераджальны” страйк донараў. Адмова здаваць кроў з’явілася пасля падпісання прэзідэнтам закону аб адмене ўсіх сацыяльных гарантыяў для ганаровых донараў. Такіх людзей у нашай краіне налічваецца больш за 40 тысячаў. Сёння ганаровыя донары карыстаюцца зніжкай на 50% пры набыцці лекаў і на 40% -- на лячэнне зубоў.
Як расказаў Еўрарадыё Ігар Каваленка, адзін з арганізатараў страйку, каб стаць “Ганаровым донарам Беларусі” трэба не адзін раз здаць кроў:

“Трэба мець добрае здароўе, жаданне дапамагаць людзям, выратоўваць дзяцей, цяжкахворых. Да таго ж неабходна здаць 40 дозаў крыві ці 60 плазмы”.

Тым часам беларускія чыноўнікі усур’ёз гавораць нават пра адмену ўвогуле платы за здадзеную кроў. У якасці прыкладу прыводзіцца Нямеччына, дзе за здадзеную кроў плацяць толькі камерцыйныя арганізацыі. Па словах Эсфір Свірноўскай, намесніка дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гематалогіі, Беларусь арыентуецца на прапановы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Савет Еўропы. Гэтыя арганізацыі раяць нічога не плаціць донарам, бо здача крыві – справа дабрачынная:

“У нас няма адбою ад донараў. У нас дзяржаўная ахова здароўя. Прафесійная ж праца донарам можа быць толькі на камерцыйным прадпрыемстве. Савет Еўропы, Сусветная арганізацыя аховы здароўя штогод звяртаюцца да кіраўнікоў краін з тым, каб развівалася толькі донарства без аніякіх кампенсацыяў. Прапаноўваецца нічога не плаціць донарам. З савецкіх часоў захавалася толькі адна льгота – на два дні вызваленне ад працы”.

У Беларусі за здадзеную кроў нават пасля адмены льготаў плацяць грошы. Гаворыць Таццяна, мэдсестра Магілёўскай абласной станцыі пералівання крыві

“Адна кроваздача – 60 тысяч, на плазму – 106 000. Донары крыві здаюць раз на два месяцы, на плазму – толькі людзі пасля пяці кровадач. Займае гэта па часе прыкладна гадзіну”.

На думку аднаго з арганізатараў страйку, ганаровага донара Беларусі Ігара Каваленкі з Магілёву, гэта няправільна -- адмяняць ільготы людзям, якія дапамагаюць іншым. Да таго ж што кроў у абласным цэнтры ідзе для дзяцей, хворых на лейкемію:

“У Беларусі пасля прыняцця гэтага закону не засталося ніводнай ільготы. У Законе аб донарстве ёсць радок: “Паводле меркавання мясцовых уладаў яны могуць як дадаваць, так і прыбіраць прадугледжаныя льготы”. Адзіны горад у Беларусі, дзе дамагліся бясплатнага праезду для донараў, – гэта Магілёў.”

На той жа магілёўскай станцыі Еўрарадыё паведамілі, што нават нягледзячы на адмену льготаў і страйк людзі ўсё роўна ідуць здаваць кроў:

“Сёння прыйшлі 62 донары”.

Аднак Ігар Каваленка расказаў Еўрарадыё, што цэлы дзень учора правёў каля станцыі, распаўсюджваючы буклеты. Чамусьці ганаровы донар налічыў толькі 16 чалавек, якія прыйшлі здаваць кроў:

“Усёй інфармацыі вам могуць і не сказаць. Сёння з раніцы я асабіста прысутнічаў на магілёўскай станцыі пералівання крыві. Калі звычайна ў нашым горадзе прыходзіць 30 чалавек, то сёння іх было 16. Папросту чыноўнікі , каб не падрываць сітуацыю, не даюць такой інфармацыі”.

У планах спадара Каваленкі прызнанне здачы крыві прафесійнай дзейнасцю:

“Калі мы будзем гатовыя, то абвесцім рэспубліканскі страйк. Мы хочам патрабаваць ад нашага кіраўніцтва і парламентарыяў прызнаць донарства прафесійнай дзейнасцю. Мы створым Фонд донараў, каб абараняць свае правы”.

Цікава, што з медыцынскай кропкі погляду збор крыві добрая рэч, але толькі калі гэта не становіцца сродкам заробку. Гаворыць Вікторыя, лекар адной з мінскіх клінік:

“Калі гэта рабіць не вельмі часта і не з мэтай зарабіць, то больш карысна. Раней жа рабілі кровапусканне – кроў абнаўляецца. Праблема ў тым, што бяруць больш, чым трэба. Доза ўсярэдненая, а гэта неабходна падбіраць індывідуальна”.

Як бы там ні было, але ж імкненне донараў да прафесійнасці моцна папсуе кроў чыноўнікам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі