За дачку Шэндэровіча заступіўся Камітэт па правах чалавека

У нядзелю, 1 красавіка, у падземным пераходзе метро Якуба Коласа, міліцыянтамі была затрыманая грамадзянка Расіі, дачка Віктара Шэндэровіча 20-гадовая Валянціна Чубарава. Надарылася гэта а 21-й гадзіне. Падставай для затрымання Валянціны і двух яе сяброў — Крысціны Шацікавай, стрыечнай сястры зніклага аператара АНТ Дзмітрыя Завадскага, і прадстаўніка Беларускага Хельсінкскага камітэта Андрэя Кіма — нібыта стала тое, што яны расклейвалі налепкі-віншаванкі Аляксандру Лукашэнку з Днём Дурня.

Раніцай 2 красавіка Валянціна Чубарава ўжо вярнулася ў Маскву. У тэлефоннай размове яна распавяла “Еўрапейскаму радыё”, што ўпершыню наведала Мінск два з паловай гады таму. З таго часу бывае тут даволі часта.

І гэтым разам былая актывістка руху “Абарона” прыязджала наведаць сваю сяброўку Крысціну Шацікаву, у падтрымку якой яна арганізавала 25 сакавіка мітынг ля беларускай амбасады ў Маскве. Па яе словах, супрацоўнікі міліцыі падыйшлі да іх і запатрабавалі паказаць дакументы для высвятлення асоб, а потым загадалі прайсці ў міліцэйскі пакой метрапалітэна.

Валянціна Чубарава: “За сябе я не хвалявалася. Ведала, што супраць мяне ў міліцыянтаў нічога няма. За руку мяне не лавілі, і ніякіх падстаў трымаць мяне ў іх няма. Акрамя таго, наўрад ці ім патрэбныя праблемы з расійскай амбасадай. Таму я больш хвалявалася за сяброў”.

А хвалявацца, як вынікае са слоў Крысціны Шацікавай, былі ўсе падставы.

Крысціна Шацікава: “Нас абвінавацілі ў тым, што дакументы ў нас падробныя. Супрацоўнік міліцыі пайшоў па пераходзе, знайшоў налепкі з выявай Лукашэнкі і подпісам: “1 красавіка — Дзень Дурня. Са святам, Аляксандр Рыгоравіч!” Нам сказалі, што гэта паклёп і абраза прэзідэнта”.

Пры доглядзе асабістых рэчаў у заплечніку Андрэя Кіма знайшлі некалькі налепак такога ж зместу.

На патрабаванні затрыманых даць ім адваката міліцыянты адказвалі, што ўсе дзяржаўныя адвакаты ў гэты час спяць.

Нягледзячы на тое, што ў дачкі Шэндэровіча быў набыты квіток на цягнік да Масквы і ад адпраўлення заставалася некалькі гадзінаў, затрыманых павезлі ў аддзел унутраных спраў Савецкага раёна. Там, у адрозненне ад адвакатаў, яшчэ ніхто не спаў. Але вызвалілі грамадзянку Расіі толькі пасля таго, як на яе нумар патэлефанаваў Уладзімір Лукін, упаўнаважаны па правах чалавека пры прэзыдэнце РФ.

Валянціна Чубарава: “На жаль, падобныя інцыдэнты здараюцца і ў Маскве, але не з такой бессаромнасцю. Ёсць адчуванне, што ўпэненасць у сваёй беспакаранасці народжаная тым, што гэта загад зверху, а не самаўпраўства. Шрубкі закручваюць. Гэта азначае, што ўлада баіцца і адчувае сябе няўпэўнена”.

Па словах Крысціны Шацікавай, міліцыянты не выпадкова падышлі менавіта да іх кампаніі.

Крысціна Шацікава: “Нейкі вельмі патрыятычны малады чалавек пайшоў у міліцыю і сказаў, што нібыта ён бачыў, як мы расклейвалі налепкі. Як высветлілася, гэта камандзір нейкай вайсковай часці, які ў свой законны выходны выгульваў сваю дзяўчыну, а ў выніку кінуўся абараняць гонар і годнасць прэзідэнта”.

Нягледзячы на здарэнне, Валянціна Чубарава запэўніла, што ад будучых паездак у Мінск не адмовіцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі