Вы тут

У 2021 годзе ў Літву з тэрыторыі Беларусі ўехалі 387 нелегальных мігрантаў

Мяжа Літвы з Беларуссю / "Вечерний Гродно"

Паток нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі дасягнуў гістарычнага максімуму. Пра гэта падчас сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам заявіла кіраўніца літоўскага ўраду Інгрыдэ Шыманітэ, піша "Радыё Свабода". Яна прыгадала рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на санкцыі, калі ён заявіў, што цяпер еўрапейцам давядзецца самім лавіць нелегальных мігрантаў.

Па інфармацыі Delfi, толькі за апошнюю ноч — з 12 на 13 чэрвеня — літоўскія памежнікі затрымалі 58 чалавек, якія незаконна перайшлі беларуска-літоўскую мяжу. Большасць з іх не мае дакументаў, піша выданне. Сярод тых, хто хадайнічае аб прадастаўленні сховішча ў Літве — мужчыны, жанчыны, непаўналетнія. Усе затрыманыя будуць правераныя на COVID-19.

Паводле Delfi, усяго ў 2021 годзе з Беларусі ў Літву спрабавалі ўехаць 387 нелегальных мігрантаў, большасць з іх — грамадзяне Іраку. Гэта амаль у пяць разоў больш, чым у 2020-м годзе: летась быў затрыманы усяго 81 нелегальны замежнік. 

Для нелегальных мігрантаў у Літве з дапамогай вайскоўцаў пачалі будаваць намётавае мястэчка, паколькі цэнтр рэгістрацыі замежнікаў перапоўнены. Яно можа прыняць толькі 240 чалавек, таму нелегалы доўга знаходзяцца на заставах памежнікаў, іх нават плануюць уладкоўваць у інтэрнат школы памежнікаў. У намётавым мястэчку збіраюцца змясціць каля 350 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.