З-за снегападаў і падзення дрэваў затрымліваўся рух 49 пасажырскіх цягнікоў

Праблемы былі на працягласці 210 кіламетраў чыгункі / Ілюстрацыйнае фота sb.by

Беларуская чыгунка паведаміла пра праблемы, з якімі сутыкнулася з-за моцных снегападаў у мінулыя выходныя. Былі выпадкі падзення дрэваў "на аб'екты чыгуначнай інфраструктуры", з-за чаго на асобных участках адключаліся лініі электразабеспячэння. У асноўным стыхія закранула ўсход краіны — найперш Магілёўскую вобласць. Там зафіксавалі падзенне больш за 1300 дрэў. Збоі ў энергазабеспячэнні, у працы сродкаў сігналізацыі і сувязі былі на працягласці 210 кіламетраў чыгункі. Ні людзі, ні транспарт не пацярпелі.

27-28 лістапада на ўчастках Магілёў — Крычаў, Крычаў — Бялынкавічы і Крычаў — Орша затрымліваўся рух 49 пасажырскіх цягнікоў (ад 7 хвілін да амаль 3 гадзін). Невялікія праблемы назіраюцца на гэтых участках і 29 лістапада (затрымкі ў руху да 10 хвілін). Працягваюцца аварыйна-аднаўленчыя працы, у якіх удзельнічае 25 адзінак спецтэхнікі і больш за 130 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.