З-за санкцый праблемы могуць паўстаць у Аршанскага льнокамбіната

Аршанскі льнокамбінат / БЕЛТА
Аршанскі льнокамбінат / БЕЛТА

Аршанскі льнокамбінат можа страціць шэраг заходніх пастаўшчыкоў на фоне абмеркавання новага пакета санкцый супраць Беларусі, распавяла ў эфіры СТБ кіраўнік канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна.

У прыватнасці, адмовіцца ад паставак у Беларусь можа французская фірма Kermel. Прадстаўнікі кампаніі, па словах Лугінай, заявілі беларускім парнэрам: "Ці будзем мы пастаўляць вам валакно ў чэрвені і ліпені ці не, мы яшчэ вырашым".

"І буйная тэкстыльная кампанія Inditex, заснавальнік гандлёвых аб'ектаў, заявіла, што таксама паглядзіць, ці будуць яны ўводзіць санкцыі", — распавяла Лугіна.

Яна падкрэсліла, што пакуль праблема ўзнікла  толькі на адным прадпрыемстве канцэрна, але план на выпадак санкцый цяпер распрацоўваюць для ўсіх прадпрыемстваў, якія патэнцыйна могуць пацярпець. Трэба знайсці новых пастаўшчыкоў — перш за ўсё, хімічных кампанентаў.

"Еўропа моцная сваёй хіміяй, фарбавальнікамі, рэчамі, якія неабходныя для вытворчасці таго ці іншага тэкстыльнага або абутковага асартыменту. Таму мы сёння шчыльна адпрацоўваем турэцкі рынак, Індыя, Кітай", — распавяла яна.

Гаворка ідзе і аб пошуку пастаўшчыкоў, і аб новых рынках збыту.

На мінулым тыдні стала вядома, што пад новыя санкцыі Еўрасаюза могуць трапіць 71 чалавек і 7 арганізацый з Беларусі. Пры гэтым паведамлялася, што санкцыі будуць уводзіцца ў залежнасці ад таго, як хутка ўрады краін ЕС здолеюць дасягнуць пагаднення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі