З-за крызісу ЗША закрываюць вайсковыя могілкі па ўсім свеце

Ужо трэці дзень ЗША жывуць без бюджэту. Рэспубліканцы не пагадзіліся з павышэннем столі дзярждоўга, як на тое спадзяваўся прэзідэнт Барак Абама. Такім чынам яны выступілі супраць іншага прэзідэнцкага праекта — рэформы аховы здароўя, на якую і так траціцца, як лічаць рэспубліканцы, зашмат.

“Чым даўжэй зацягваецца выключэнне ўрада, тым большыя страты могуць быць нанесеныя эканоміцы. Прагназісты IHS Global Insight падлічылі, што кожны дзень прастою будзе каштаваць амерыканскай эканоміцы 300 мільёнаў еўра. Еўрапейскія СМІ 1 кастрычніка непакоіліся, як гэта паўплывае на астатні свет”, — піша Deutsche Welle.

Апытанне Reuters паказвае, што 24% амерыканцаў вінавацяць у крызісе рэспубліканцаў, у той час як Абаму і дэмакратаў лічаць вінаватымі 19%. Яшчэ 46% кажуць, што вінаваты і тыя, і тыя.

Тым часам у Германіі задаюцца пытаннем, ці магчымы крызіс па амерыканскім сцэнары ў іх краіне: акурат цяпер Ангела Меркель у стане зацяжных перамоваў наконт бюджэту паміж яе кансерватарамі і верагоднымі партнёрамі сацыял-дэмакратамі. Але берлінскі эксперт па палітычнай эканоміі Хэнрык Эндэрляйн кажа, што “амерыканская сітуацыя ўвогуле не супастаўная з нямецкай”.

У сваю чаргу правы штодзённік Die Welt цытуе Антона Бонера, прэзідэнта Федэральнага саюза нямецкага аптовага і знешняга гандлю:

“Калі зараз амерыканцы страляюць сабе ў нагу, гэта вельмі небяспечна для ўсёй сусветнай эканомікі, зразумела, для нямецкага экспарту таксама”.

А партал EUobserver паведамляе, што праз крызіс амерыканскія дыпламаты, што працуюць у Еўропе, не могуць набыць сабе канцылярскія прыналежнасці альбо арганізаваць паездку на канферэнцыю. І ўвогуле крызіс б’е па еўрапейска-амерыканскіх адносінах — напрыклад, не могуць дамовіцца наконт гандлю сыравінай.

EUobserver: “Прэс-сакратар Еўракамісіі кажа, што камісар па ўнутраным гандлі Мішэль Барнье адправіў ліст у Камісію па гандлі таварнымі ф’ючарсамі ў Вашынгтоне яшчэ да крызісу, але адказу пакуль не атрымаў”.

У той жа час выданне France24 піша, што, акрамя “ўнутраных” аб’ектаў, за апошнія дні ЗША закрылі свае вайсковыя могілкі па ўсім свеце. У тым ліку і вядомыя могілкі Амаха-біч (фільм “Выратаваць радавога Раяна” Стывена Спілберга пачынаецца акурат са сцэны высадкі ў Амаха-біч) у Францыі. Уладальнік рэстарана на беразе Амаха-біч гаворыць пра пагрозу для свайго бізнесу. Яно і зразумела: могілкі, дзе пахаваныя 9300 амерыканскіх жаўнераў, прыцягваюць каля мільёна турыстаў у год. Але зноў яны адкрыюцца, хіба, толькі калі ўрад ЗША прыме бюджэт.

Фота: MIKE SEGAR/REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі