Сайт амбасады ЗША ў Мінску перастаў абнаўляцца праз шатдаўн

Сайт амбасады ЗША ў Мінску перастаў абнаўляцца праз шатдаўн

Сайт амбасады ЗША ў Мінску перастаў абнаўляцца праз спыненне працы амерыканскага ўраду. Так званы Government Shutdown пачаўся 22 снежня і, верагодна, стане самым доўгім за ўсю гісторыю Злучаных штатаў.

“У сувязі са спыненнем фінансавання, вэб-сайт не будзе абнаўляцца, пакуль урад ЗША не вернецца да паўнавартаснай працы”, — такое папярэджанне з’явілася на галоўнай старонцы сайта амбасады ЗША ў Мінску. Апошняе абнаўленне і на беларускай, і на англійскай старонцы сайта датуецца 21-м снежня — днём, калі пачаўся шатдаўн.

Сайт амбасады ЗША ў Мінску перастаў абнаўляцца праз шатдаўн
Скрыншот з сайта амбасады

Сітуацыя, калі ўрад ЗША спыняе працу, узнікае праз тое, што прэзідэнт і Кангрэс не могуць дамовіцца пра выдаткі на фінансаванне дзяржаўных органаў. Шатдаўн адбываецца даволі часта — але звычайна доўжыцца не больш за пару дзён.

Сёлета (калі тлумачыць вельмі спрошчана) канфлікт узнік праз сродкі на будаўніцтва сцяны паміж ЗША і Мексікай, на якіх настойвае Дональд Трамп. Кангрэс не пагаджаецца зацвердзіць гэтыя выдаткі, таму Трамп, у сваю чаргу, блакуе рашэнні, якія дазволілі б хаця б часткова ўзнавіць працу ўрада.

Праз сёлетні шатдаун 420 тысяч дзяржслужачых ЗША вымушаныя працаваць без аплаты працы, а яшчэ 380 тысяч часова адпраўленыя ў адпачынак без якіх-небудзь выплат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі