Вы тут

З юрфака БДУ звальняюць яшчэ аднаго выкладчыка

Алена Басалай крайняя справа

Не працягнуты кантракт з яшчэ адным выкладчыкам юрыдычнага факультэта БДУ — Аленай Басалай. Пра гэта піша юрыдычны тэлеграм-канал Law Verum.

Таксама там паведамляецца, што не падоўжаны кантракт з мужам Алены Басалай — дацэнтам гістфаку БДУ, вядомым этнографам Сцяпанам Захаркевічам. У лютым ён быў пакараны 15-ю суткамі арышту па "народным" артыкуле 23.34 КаАП пасля таго, як разам з іншымі гледачамі быў затрыманы на адкрытай рэпетыцыі гурта "Разбітае сэрца пацана" на турбазе пад Смалявічамі.

Алена Басалай працавала на кафедры грамадзянскага права — як і яшчэ адна нядаўна звольненая з БДУ юрыстка, Алена Лаеўская. Сын Лаеўскай — вядомы адвакат Зміцер Лаеўскі. Ён абараняе ў судзе інтарэсы экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост Віктара Бабарыкі.

Басалай выкладала сямейнае права, грамадзянскае права, міжнароднае прыватнае права. Пра яе пішуць як пра кваліфікаванага адмыслоўцу з дзвюма вышэйшымі адукацыямі. Яна праходзіла стажыроўкі ў еўрапейскіх універсітэтах, атрымлівала ўзнагароды як ад БДУ, так і ад Мінюста.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.